Псалтыр 58 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)
Кіраўніку хору. Паводле «Не руйнуй». Давідаў. Міктам.
Ці на самай справе, о магутныя, прамаўляеце вы справядліва, ці па праўдзе судзіце вы сыноў чалавечых?
Між іншым, чыніце вы ў сэрцы несправядлівасці, на зямлі рукі вашыя спараджаюць раз’ятранасць.
Адлучаны грэшнікі ад улоння, зблукалі ад [самага] чэрава тыя, што прамаўляюць фальшыва.
Атрута іх падобная да змяінай, быццам у глухой гадзюкі, што закрывае вушы свае,
якая не пачуе голасу заклінальнікаў і чараўніка, спрактыкаванага ў заклінанні.
Божа, скрышы ім зубы ў іх роце, выламі клыкі ў ільвятаў, Госпадзе.
Хай сплывуць яны, як вада імклівая, бы трава стаптаная, хай ссохнуць.
Быццам слімак, што знікае, марнеючы, быццам выкідыш жанчыны, які не бачыць сонца.
Перш чым катлы вашыя адчуюць крушыннік, [што гарыць], быццам жывы, — так, быццам полымя гневу паглыне іх.
Весяліцца справядлівы, калі ўбачыць пакаранне, ён мые свае ногі ў крыві грэшніка.
І скажа чалавек: «Ёсць плён для справядлівага, усё ж такі ёсць Бог, Які судзіць іх на зямлі».