Псалтыр 61 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. На струнах. Давідаў.
 
Кіраўніку хору. На струнных. Псальм Давідавы.

Выслухай, Божа, маленне маё, зваж на малітву маю.
 
Пачуй, о Божа, маё маленьне і зваж на маю просьбу!

З канцоў зямлі ўсклікаў я да Цябе, бо трывожыцца сэрца маё. На скалу непрыступную завядзі мяне!
 
Я клічу да Цябе ад краю зямлі, бо млее сэрца маё: узьвядзі мяне на скалу, што для мяне недасяжная!

Бо стаўся Ты надзеяй маёй, моцнай вежай перад непрыяцелем.
 
Бо Ты — для мяне прыпынкам, моцнай вежай супраць ворага.

Буду жыць я вечна ў палатцы Тваёй, схаваюся пад покрывам крылаў Тваіх,
 
Каб я мог жыць заўсёды ў тваей сялібе, знайсьці ахову пад крыльлямі тваімі.

бо ты, Божа мой, выслухаў абяцанні мае, даў спадчыну тым, што шануюць імя Тваё.
 
Бо Ты, Божа, выслухаў абяцаньні мае: Ты даў мне спадчыну тых, што баяцца Імяні твайго.

Ты дадасі дні да днёў цара, гады ж яго — праз пакаленні і пакаленні.
 
Дадай днёў да днёў царавых, каб гады яго былі з роду ў род!

Хай сядзіць ён вечна перад Богам; міласэрнасць і ласка хай захоўваюць яго.
 
Каб панаваў заўсёды перад абліччам Бога: накажы Ласцы і Праўдзе, каб сьцераглі яго!

Так буду я спяваць псальмы імю Твайму на векі вечныя, каб спаўняць мне абяцанні мае ад дня да дня.
 
Тады я буду бязупынна сьпяваці Імяні твайму, выпаўняючы мае абяцаньні з дня на дзень.