Псалтыр 65 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давідаў. Песня.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы. Песьня.

Божа, Ты варты гімна на Сіёне; і перад Табой хай споўніцца абяцанне ў Ерузаліме.
 
Табе належыць, о Божа, хвала на Сыёне. Каб Табе спаўнялася данае абяцаньне.

Ты выслухоўваеш малітвы; да Цябе прыходзіць кожнае цела з-за грахоў,
 
Ты чуеш малітву. Да Цябе ўсякі сьмяротны прыходзіць —

і нават пры цяжары бязвер’я нашага Ты спагадаеш нам.
 
дзеля сваіх грахоў. Нашыя правіны перамагаюць нас, ае Ты іх адпушчаеш.

Шчасны той, каго Ты абярэш і прымеш; будзе жыць ён у палацах Тваіх. Мы напоўнімся дабротамі дому Твайго, святасцю святыні Тваёй.
 
Шчасьлівы, каго ты выбраў і прыблізіў: жыць будзе ў сенях тваіх. Насыцімся дабром дому твайго, сьвятога храму твайго.

Дзівосным чынам у справядлівасці Ты пачуеш нас, Божа збаўлення нашага, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора.
 
У дзіўных цудах слухаеш нас у тваей справядлівасьці, Божа нашага збаўленьня, надзея ўсіх канцоў зямлі і далёкага мора.

Ты — што ўмацоўваеш горы магуццем Тваім, апярэзаны сілаю.
 
Ты, што сваею сілаю ўцьвярдзіў горы і Сам моцаю падперазаўся.

Ты — што глушыш шум мора, шум хваль яго і бунт народаў.
 
Ты, што суцішаеш грукат мора, шум хваляў ягоных і гоман народаў.

І будуць баяцца тыя, што насяляюць межы зямлі, знакаў Тваіх; ускрайкі ўсходу і захаду Ты пацешыш.
 
І баяцца цудаў тваіх жыхары канцоў сьвету: краіны Ўсходу і Захаду напаўняеш радасцяй (раніцай і вечарам).

Наведаў Ты зямлю і навадніў яе, узбагаціў Ты яе разнастайна. Ручай Бога поўны водамі; уладкаваў Ты хлеб іх, бо так уладкаваў Ты яе.
 
Ты адведаў зямлю і напаіў яе, Ты яе ўзбагаціў. Патокі Божыя — поўныя вады. Ты прыгатаваў збожжа для іх — так прыспасобіў яе (зямлю).

Ты — што барозны яе вадою поіш, Ты — што глебу яе раўняеш; Ты змягчаеш яе дажджамі, дабраслаўляеш яе пладамі.
 
Ты навадняеш разоры яе і раўнуеш скібы, зьмягчаеш яе дажджамі, багаславіш ураджаем.

Ты ўвянчаў год дабром Тваім, і сляды Твае будуць струменіцца тлушчам.
 
Ты год завяршаеш сваею дабратой і сьцежкі твае аплываюць тлушчам.

Будуць струменіцца пустынныя выганы, і ўзгоркі апяражуцца радасцю.
 
(Парастаюць буйна стэпы). Пасьбішчы ў пустыні ў буйнай расе, а ўзгоркі радасьцяй аперазаны.

Лугі апрануліся ў авечак, і лагчыны напоўняцца хлебам; будуць усклікаць яны і гімн [Табе] заспяваюць.
 
Пасьбішчы стадамі апранаюцца і даліны атулены збожжам: усё вясела гукае і сьпявае.