Псалтыр 34 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Давідаў. Калі ўдаваў сябе за змяшанага ў розуме перад Абімэлехам і пайшоў, выгнаны ім.
Псальм Давідавы. Калі ён перад Абімэлехам удаваў шалёнага,(б) дый быў ім выгнаны і пайшоў сабе.
АЛЕФ. Буду дабраслаўляць Госпада ўвесь час, хвала Яго заўсёды ў маіх вуснах.
Алеф. У кожным часе буду хваліць Госпада: Яго хвала ўсьцяж на вуснах маіх.
БЭТ. Госпадам будзе выхваляцца душа мая, хай чуюць [гэта] пакорлівыя і хай радуюцца.
Бэт. Душа мая будзе хваліцца ў Госпадзе: няхай пачуюць пакорныя і ўцешацца.
ГІМЭЛЬ. Узвялічвайце Госпада са мною і давайце ўзнясём імя Яго ўсе разам.
Гімэль. Слаўце Госпада са мною: разам узвялічым Імя ягонае.
ДАЛЕТ. Пачаў я шукаць Госпада, і Ён выслухаў мяне і вырваў Ён мяне з усіх трывог маіх.
Далет. Я шукаў Госпада і Ён мне адказаў: збаўляў мяне ўва ўсіх маіх трывогах.
ГЭ. Зірніце на Яго — і прасвятлееце, і твары вашыя не засаромеюцца.
Гэ. Хто ўзіраецца на Яго, той будзе асветлены, і твар ягоны не дазнае стыду.
ДЗАЙН. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад выслухаў яго, і з усіх бед выратаваў яго.
Заін. Вось бядулька маліўся, і Госпад пачуў яго і вызваліў яго з усіх напасьцяў.
ГЭТ. Анёл Госпадаў абароніць усіх тых навокал, што баяцца Яго, і вырве іх.
Гэт. Анёл Гасподні закладае лягер (вартоўны) ля ягоных верных, што баяцца Бога і вызваляе іх.
ТЭТ. Пакаштуйце і паглядзіце, які салодкі Госпад; шчасны чалавек, які ўсклаў надзею на Яго.
Тэт Пакаштуйце і ўбачце, які добры ёсьць Госпад: шчасьлівы, хто да Яго прыбягае!
ЁД. Бойцеся Госпада, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго.
Йод. Бойцеся Госпада вы, сьвятыя ягоныя! Хто баіцца Яго, не дазнае ні ў чым нястачы.
КАФ. Багатыя збяднелі і пачалі галадаць, а вось тыя, што шукалі Госпада, не будуць мець нястачы ні ў чым добрым.
Каф. Багаты бядуе і цярпіць голад, а хто шукае Госпада, той ня церпіць нястачы ніякага дабра.
ЛЯМЭД. Хадзіце, сыны, слухайце мяне: навучу я вас пашане да Бога.
Лямэд. Падыйдзіце дзеці, паслухайце мяне: а я вас навучу баяцца Госпада.(в)
МЭМ. Што гэта за чалавек, які хоча жыць, шануе дзень, каб пабачыць добрае?
Мэм. Хто ёсьць чалавек, што жадае жыцьця? які жадае (доўгіх) днёў, каб убачыць шчасьце?
НУН. Утрымлівай язык свой ад ліха і вусны твае хай не гавораць падступна.
Нун. Паўстрымай язык свой ад злога і вусны свае ад слоў крывадушных!
САМЭК. Адступіся ад ліха і чыні дабро, шукай спакою і імкніся да яго,
Самэх. Ухіляйся ад благога і твары добрае: шукай супакою і імкніся да яго!
АЙН. бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх.
Аін. Вочы Госпада (адчынены) на справядлівых, а вушы Яго — на іх маленьне.
ФЭ. Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сцерці з зямлі і памяць аб іх.
Пэ. Супраць злачынцаў — твар Гасподні, каб вынішчыць памяць іх на зямлі.
САДЭ. [Справядлівыя] паклікалі — і Госпад выслухаў, і вызваліў іх ад усіх бед іх.
Цадэ. Справядлівыя клічуць да Госпада, і Ён чуе і вызваляе іх ад усіх іхніх бедаў.
КОФ. Блізкі Госпад да тых, што спакутаваны сэрцам, і пакораных духам Ён уратуе.
Коф. Блізкі Госпад да скрышаных сэрцам і збаўляе разьбітых душою.
РЭС. Многа бед у справядлівых, але з усіх іх уратуе іх Госпад.
Рэш. Няшчасьце за няшчасьцем на справядлівага, але Госпад вызваляе яго ад усіх.
СІН. Сцеражэ Ён усе косці іх, не зломіцца ні адна з іх.
Шын. Госпад сьцеражэ ўсе ягоныя косткі — аніводная не паламаецца.
ТАЎ. Крывадушнасць знішчыць грэшніка, і тыя, што ўзненавідзелі справядлівага, будуць пакараныя.
Тау. Ліха заб’ець бязбожніка і загінуць тыя, што ненавідяць справядлівага.
ФЭ. Госпад адкупіць душы паслугачоў сваіх, і не будуць пакараныя ўсе тыя, што пакладаюць і Ім надзею.
Вау. Госпад збаўляе душу слуг сваіх і не загінуць тыя, што да Яго прыбягаюць.