Псалтыр 66 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Песня. Псальм. Усклікайце радасна да Бога, кожная зямля,
 
Кіраўніку хору. Песьня. Псальм. Усклікайце Богу, уся зямля!

псальм спявайце славе імя Яго, услаўляйце славу Яго.
 
Сьпявайце аб славе ягонага Імяні, абвяшчайце славу хвалы ягонае!

Кажыце Богу: «Якія ж [неспасцігальна] страшныя справы Твае!» Дзеля велічнасці моцы Тваёй будуць падлашчвацца да Цябе непрыяцелі Твае.
 
Скажыце Богу: “Які Ты страшны ў дзеяньнях моцы тваей! Дзеля велічы сілы тваей пахваляць Цябе ворагі твае.

Кожная зямля паклоніцца Табе і будзе спяваць псальмы Табе, праспявае псальм імю Твайму.
 
Перад Табою ўся зямля паклоніцца і сьпявае Табе, яна сьпявае Імяні твайму.

Прыйдзіце і паглядзіце на справы Божыя, [неспасцігальна] страшны Ён у вынаходніцтвах над сынамі чалавечымі!
 
Прыйдзіце і пабачце дзеяньні Божыя — (Бога) страшнога ў высокіх справах для сыноў чалавечых.

Пераўтварыў Ён мора ў сушу, і па рацэ перайдуць пехатою; там узвесялімся мы ў Ім.
 
Ён абярнуў мора ў сушу, прайшлі раку сухою нагою, каб была ў Ім нашая радасьць.

Ён валадарыць у магуцці Сваім вечна, вочы Яго пазіраюць на народы, бунтаўнікі хай не ўзвышаюцца самі ў сабе.
 
Ён пануе сваей моцай навекі: вочы ягоныя наглядаюць за народамі, каб не паўставалі бунтары супраць Яго.

Дабраславіце, народы, Бога нашага, і ўчыніце, каб пачуты быў голас хвалы Яго;
 
Багаслаўце, народы, нашага Бога і абвяшчайце славу яго,

Ён прыклаў душу нашу да жыцця і не выдаў на хістанне ногі нашы.
 
што душы нашай жыцьцё дараваў і нашым нагам не даў пахіснуцца.

Бо Ты праверыў нас, Божа наш, агнём нас выпрабаваў, як выпрабоўваюць срэбра.
 
Бо Ты нас дасьведчыў, о Божа! Ачысьціў нас, як ачышчаюць агнём серабро.

Увёў Ты нас у пастку, усклаў беды на спіну нашу.
 
Ты даваў нам упасьці ў сеці, накладаў на плечы нашыя цяжар вялікі.

Насадзіў Ты людзей на галовы нашы, прайшлі мы праз агонь і ваду, і вывеў Ты нас да палёгкі.
 
Ты пазволіў чалавеку таптаць нам па галовах, а мы перайшлі праз агонь і ваду, але пасьля Ты даў нам перапынак.

Увайду я ў дом Твой з цэласпаленнямі; аддам Табе абяцанні мае,
 
Увайду ў дом твой з цэлапаленьнем і споўню табе мае абяцаньні (шлюбы).

якія прараклі вусны мае і прамовіў язык мой у бядзе маёй.
 
Што прыракалі вусны мае, што язык мой вымаўляў у горы маім.

Тлустыя цэласпаленні прынясу я Табе з ахвяраваннем бараноў, прынясу Табе быкоў з казламі.
 
Я прынясу Табе цэлапаленьні з тлустых авечак, разам з тукам баранаў, ахвярую сытых валоў і казлоў.

Прыйдзіце, паслухайце, што я распавяду, вы ўсе, што шануеце Бога, — што ўчыніў Ён для душы маёй.
 
Прыйдзіце, паслухайце, хто Бога баіцца і раскажу вам, што Ён учыніў для душы маей.

Да Яго паклікаў я вуснамі маімі і ўзвялічыў языком маім.
 
Яго я клікаў вуснамі маімі і хваленьне было на маім языку.

Калі ж схіліўся б я да несправядлівасці ў сэрцы сваім, то не выслухае Госпад.
 
Калі б я ўбачыў у сэрцы маім беззаконьне, Госпад мяне не паслухаў бы.

Таму выслухаў Бог, звярнуў увагу на маленне маё. малітвы маёй і [не аддаліў] міласэрнасці Сваёй ад мяне.
 
Але ўсё ж Бог пачуў мяне і ўважыў на голас маей малітвы.