Псалтыр 51 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм. Давідаў.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.

Калі прыбыў да яго прарок Натан, пасля таго як учыніў ён грэх з Бэтсэбай.
 
Калі прарок Натан прыйшоў да яго, бо ён увайшоў да Варсавіі.

Злітуйся нада мною, Божа, паводле міласэрнасці Тваёй; і паводле мноства літасцівасці Тваёй зруйнуй правіннасць маю.
 
Зьмілуйся нада мною, Божа, зь міласьці тваей, ды праз вялікую міласьць тваю згладзь правіннасьць маю!

Яшчэ больш абмый мяне ад правіннасці маёй і ад граху майго ачысці мяне.
 
Абмый мяне ад усяго злачынства (усяе віны) і ачысьці мяне ад граху майго!

Бо я прызнаю правіннасць маю, і грэх мой заўсёды перада мною.
 
Бо я ведаю правіннасьць маю, а грэх мой — усьцяж перада мною.

Перад Табой, перад Табой адзіным зграшыў я і тое, што ліхім ёсць перад Табою, дапусціў я. Ты справядлівы у прысудзе Тваім і пераможаш на судзе Тваім.
 
Перад Табою, Табою адзіным, я зграшыў і, што ў вачах тваіх злое я ўчыніў. — А Ты ёсьць справядлівы ў прысудзе тваім і апраўданы ў судзе тваім.

Вось жа нарадзіўся я ў правіннасці, і ў граху пачала мяне маці мая.
 
Вось я нарадзіўся ў правіннасьці і ў граху пачала мяне маці мая.

Вось жа палюбіў Ты праўду ў сэрцы і патаемна адкрыў Ты мне мудрасць.
 
Але Ты любіш праўду у аснове сэрца: навучаеш мяне з глыбіні мудрасьці.

Пакрапі мяне гізопам — і стану чыстым, памый мяне — і стану бялейшы за снег.
 
Акрапі мяне гізопам і я ачышчуся, абмый мяне, я стану бялейшы ад сьнегу!

Дай мне пачуць пацеху і весялосць, і ўзрадуюцца косці, якія Ты паламаў.
 
Дай мне пачуць радасьць і вясёласьць, каб уцешыліся косьці, што Ты пакрышыў.

Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх, і зруйнуй усе мае правіннасці.
 
Адвярні аблічча тваё ад грахоў маіх і сатры зь мяне ўсё злачынства!

Сэрца чыстае ствары ўва мне, Божа, і моцны дух аднаві ва ўлонні маім.
 
О, Божа! Ствары ўва мне чыстае сэрца і ўзнаві ў грудзях маіх моцнага духа.

Не адганяй мяне ад Твайго аблічча і Духа Святога Твайго не адбірай у мяне.
 
Не адкідай мяне больш ад аблічча твайго і не адбірай ад мяне Духа твайго Сьвятога!

Вярні мне пацеху збаўлення Твайго і самым руплівым духам узмацуй мяне.
 
Вярні мне радасьць твайго збаўленьня і ўзмацні мяне духам дабратворным!

Буду вучыць я збачэнцаў з Тваіх дарог, і тады бязбожнікі вернуцца да Цябе.
 
Буду паказваць грэшнікам пуці твае і адступнікі вернуцца да Цябе.

Вызваль мяне ад [віны пралітай] крыві, Божа, Божа збаўлення майго. Хай славіць радасна язык мой справядлівасць Тваю.
 
Вызваль мяне ад крыві пралітае, Божа майго збаўленьня, а язык мой будзе славіць справядлівасьць тваю!

Госпадзе, адчыні вусны мае, і вусны мае стануць апавяшчаць Тваю хвалу.
 
Госпадзе, расчыні губы мае і вусны мае будуць абвяшчаць хвалу тваю!

Але ж не пацяшае Цябе ахвяра, цэласпаленне, калі прынясу яго, Табе не спадабаецца.
 
Бо Ты не радуешся з ахвяраў і каб я іх даваў: Ты цэлапаленьня ня прыймаеш.

Ахвяра Богу — дух спакутаваны; сэрца стурбаванага і пакорлівага, Божа, Ты не адцураешся.
 
Мая ахвяра — дух пакорны: сэрца зламанага і замучанага Ты, Божа, не пагардзіш.

Будзь спагадлівым, Госпадзе, у Сваёй добразычлівасці да Сіёна, каб збудаваліся муры Ерузаліма.
 
Дай ласку Сыёну з сваей добрай волі і ўзновіш Ерусалім у мурох яго!

Тады прымеш Ты ахвяру справядлівасці, прынашэнні і цэласпаленні; тады буду складаць на ахвяру Табе цялят.
 
Тады спадабаюцца Табе ахвяры праўды, цэлапаленьні і жэртвы: тады пакладуць на аўтар твой цялятак.