Псалтыр 20 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.
Хай выслухае цябе Госпад у дзень роспачы, хай абароніць цябе імя Бога Якубава.
Няхай паслухае цябе Бог у дзень прыгнёту! Няхай заслоніць цябе Імя Бога Якубавага!
Хай пашле табе ўспамогу ад святыні і з Сіёна хай зберажэ цябе.
Няхай прышле табе помач із сьвятыні і падтрымае цябе з Сыёну!
Хай прыгадае кожную тваю ахвяру, і цэласпаленне тваё хай успрыме шчодрым.
Няхай прыпомніць усе твае ахвяры, а цэлапаленьні твае няхай знойдзе тлустымі (мілымі)!
Хай аддасць табе паводле сэрца твайго і кожную задуму тваю выканае.
Каб Госпад даў табе, чаго ў сэрцы жадаеш і споўніў усе твае замыслы.
Будзем цешыцца з выратавання Твайго і ў імя Бога нашага ўздымем харугвы; хай выканае Госпад усе твае просьбы.
Каб мы цешыліся з твайго збаўленьня і ў Імя Бога нашага паднялі сьцягі! Каб Бог споўніў усе твае просьбы.
Цяпер спазнаў я, што ўратаваў Госпад намашчэнца Свайго: выслухаў яго з неба Свайго святога сіламі выратавання правіцы Яго.
Цяпер я ведаю, што Бог дасьць збаўленьне свайму Памазанцу (Мэсыяшу): Ён адказвае Яму з сьвятога неба свайго праз збаўчую помач правіцы сваей.(а)
Адныя — на калясніцах, іншыя — на конях, а мы імя Госпада нашага сталі клікаць.
Адны — ў конях, другія — ў калясніцах, а мы — моцныя, прызываючы Імя Госпада, Бога нашага.
Тыя сагнуліся і ўпалі, а мы выпрасталіся і былі ўзнятыя.
Пахіснуліся тыя і гэтыя зваліліся, а мы стаім і трымаемся.
Госпадзе, уратуй цара і выслухай нас у дзень, калі будзем клікаць Цябе!
Госпадзе, збаў цара (спасі) і адкажы нам у дзень нашае просьбы!