Псалтыр 27 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Давідаў. Госпад — светач мой і збаўленне маё — каго я буду баяцца? Госпад — абарона жыцця майго, перад кім я буду трымцець?
 
Псальм Давідавы. Госпад ёсьць сьветласьць мая і збаўленьне маё, Каго ж мне баяцца? Госпад — ахова жыцьця майго, — каго ж мне трывожыцца?

Калі набліжаюцца да мяне зламыснікі, каб жэрці цела маё; тыя, што прыгнятаюць мяне, і ворагі мае, — дык яны самі саслабеюць і паваляцца.
 
Калі супраць мяне выступаюць злачынцы, каб пажорці цела маё, — гэта яны — ворагі і праціўнікі мае — самі хістаюцца і падаюць.

Калі паўстане супраць мяне войска, не збаіцца сэрца маё; калі ўздымецца супраць мяне вайна — на гэта я буду спадзявацца.
 
Калі азброіцца супраць мяне войска, сэрца маё не спужаецца: Калі б вайна паўстала супраць мяне, я буду поўны надзеі.

Аднаго толькі папрасіў я ў Госпада, да гэтага буду імкнуцца, каб пасяліцца ў доме Госпада на ўсе дні жыцця майго, каб бачыць асалоду Госпадаву, каб наведваць святыню Яго.
 
Аднаго я прашу ў Госпада і гэтага толькі шукаю, каб пабываць у доме Гасподнім усе дні жыцця майго, каб карыстаць з салодкасьці Гасподняй і аглядаць сьвятыню ягоную.

Бо схавае Ён мяне ў ліхі дзень у палатцы Сваёй. Скрые Ён мяне ў патаемнасці шатра Свайго, на скале Ён узвысіў мяне.
 
Бо Ён мне дае прытулак у сваім шатры ў дзень няшчасьця, Ён укрывае мяне ў палатцы сваей і ўзносіць мяне на скалу.

І цяпер мая галава падымаецца над непрыяцелямі маімі, якія мяне акружаюць. І складу ў палатцы Яго ахвяры гукання, заспяваю і псальм прамоўлю Госпаду.
 
І цяпер узносіцца галава мая над ворагамі маімі, якія мяне акружаюць. І буду прыносіць ахвяры ў храме — жэртвы радасьці. Я засьпяваю і зайграю псальмы перад Госпадам.

Выслухай, Госпадзе, голас мой, якім усклікаю, пашкадуй мяне ды выслухай мяне.
 
Пачуй, Госпадзе, мой голас, я гукаю: зжалься і выслухай мяне!(б)

Пра Цябе прамовіла сэрца маё: «Вышуквайце аблічча Маё!» Аблічча тваё, Госпадзе, буду вышукваць.
 
Аб табе гамоніць сэрца маё: “Шукайце аблічча майго!” Я шукаю аблічча твайго, Госпадзе.

Не адварочвай аблічча Твайго ад мяне, не адцурайся ў гневе ад слугі Твайго. Ты памочнік мой, не адрынь мяне і не пакінь мяне, Божа збавення майго!
 
Не хавай твайго аблічча перада мною, не адганяй слугі свайго ў гневе! Не адкідай мяне і не пакідай мяне, Божа збаўленьня майго!

Бо бацька мой і маці мая пакінулі мяне, але Госпад мой прыняў мяне.
 
Калі б пакінулі мяне бацька і маці мая, Госпад мяне прыйме.

Пакажы мне, Госпадзе, дарогу Тваю і скіроўвай мяне на простую сцяжыну адносна праціўнікаў маіх.
 
Навучы мяне, Госпадзе, дарогі тваей і вядзі мяне простай сьцежкай дзеля ворагаў маіх!

Не выдавай мяне па жаданню пераследнікаў маіх, бо паўсталі супраць мяне фальшывыя сведкі і тыя, што дыхаюць лютасцю.
 
Ня выдай мяне на волю праціўнікаў маіх, бо фальшывыя сьведкі паўсталі супраць мяне, што дыхаюць ненавісьцяй.

Веру, што пабачу даброты Госпада ў зямлі жывых.
 
Я веру, што ўбачу дабрату Госпада ў краіне жывых.

Чакай Госпада, паводзь сябе мужна, і няхай гартуецца сэрца тваё, і чакай Госпада.
 
Спадзявайся на Госпада! Будзь адважны і ўмацуй сэрца сваё, надзейся на Госпада!