Псалтыр 10 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

ЛЯМЭД. Чаму стаіш, Госпадзе, далёка, хаваеш Сябе ў часе смутку?
 
Лямэд. Чаму, Госпадзе, ты стаіш воддаль: хаваешся ў часе ўціску?

Бязбожны выхваляецца, чыніць убогаму пераслед, заблытвае яго ў хітрыках, якія задумаў.
 
Праз пыху нягоднікаў убогі зьнемагае: паддаецца на падманы, якія той падстроіў?

Бязбожны выхваляецца пажаданнямі душы сваёй, і хцівы дабраслаўляе сябе.
 
Мэм. Бо выхваляе бязбожнік сваё пажаданьне, грабежнік блюзьніць і нягоднік пагарджае Госпадам.

НУН. Пагарджае Госпадам грэшнік у пыхлівасці сваёй: «Не запатрабуе, няма Бога».
 
Нун. Бязбожнік у пысе розуму (гаворыць): “Ня помсьціць! Няма Бога!” — Вось усе думкі яго.

Гэткія ўсе думкі яго; спрыяльныя шляхі яго ў любы час. Далёкія суды Твае ад аблічча яго; пагарджае ён усімі ворагамі сваімі.
 
Увесь час усё ручыць яму, але суды Твае далёка ад яго: на ўсіх ворагаў ён грэбліва дзьмухае.

Гаворыць ён у сэрцы сваім: «Не пахіснуся, з роду ў род не будзе мне ліха».
 
Ён гамоніць у сэрцы сваім: “Я не пахіснуся, а з роду ў род ня буду няшчасным”.

ФЭ. Вусны яго поўныя праклёнаў, і маны, і падступнасці, пад языком яго падман і брыдота.
 
Самэх. Вусны яго поўны праклёнаў, здрады і хітрасьці: на языку яго — цяжар і гнёт.

САДЭ. Вочы яго сочаць за ўбогім; ён падпільноўвае ў засадзе, быццам леў у логаве сваім.
 
Пгэ. Ён сядзіць у засадзе ў пазадворках, употай забівае нявіннага: яго вочы сочаць нявіннага.

Падпільноўвае, каб схапіць убогага, хапае гаротніка і цягне ў пастку сваю.
 
Аін. Ён пільнуе ў скрытым месцы, як леў у сваім легавішчы, сочыць, каб улавіць убогага: хапае гаротніка і ўцягвае ў сетку сваю.

Туліцца да зямлі і прыгінаецца, і няшчасныя падаюць ад моцы рук яго.
 
Цадэ. Ён туліцца да зямлі і падкрадаецца: ад яго моцы гіне няшчасны.

І гаворыць ён у сэрцы сваім: «Забыўся Бог, адвярнуў аблічча Сваё, не паглядзіць ніколі».
 
Ён кажа ў сэрцы сваім: “Бог забыўся! Ён закрывае сваё аблічча, каб не бачыць ніколі”.

КОФ. Узніміся, Госпадзе Божа, узнімі руку Тваю, не забывайся на ўбогага!
 
Коф.“Паўстань, Госпадзе Божа! Узнімі руку тваю: не забывайся аб няшасных!”.

Чаму пагарджае нягоднік Богам? Бо ён сказаў у сэрцы сваім: «Ты не запатрабуеш».
 
Чаму бязбожнік пагарджае Богам? Ён кажа ў сэрцы сваім: “Не спагоніць!”.

РЭС. Ты бачыш гэта, Ты зважаеш на пакуты і гора, каб узяць іх у рукі Твае. На Цябе пакінуты ўбогі, Ты зрабіўся апекуном сіраце.
 
Рэш. А Ты гэта бачыў: на труд і на гора Ты пазіраеш, каб узяць у руку сваю. — Табе бедны аддаецца, Ты памацнік сіраціне.

СІН. Скрышы руку грэшніка і ліхадзея; будзеш шукаць Ты грэх яго і не знойдзеш.
 
Тын. Зламай руку бязбожніку і злачынцу: Ты помсьціш злосьць ягоную і больш ня знойдзеш.

Госпад — валадар навечна і на вечныя вякі: знікнуць пагане з зямлі Яго.
 
Госпад ёсьць Цар на век-вякоў: пагане згінуць у ягонай зямлі.

ТАУ. Жаданне ўбогіх Ты выслухаў, Госпадзе; Ты ўмацуеш сэрца іх, прыхіліш вуха Тваё,
 
Тау. Ты чуеш пажаданьне пакорных, Госпадзе: Ты ўзмацняеш іхняе сэрца, схіляеш вуха,

каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, каб чалавек на зямлі болей не наводзіў страх.
 
Каб судзіць сірату і прыгнечанага, каб чалавека зроджанага на зямлі больш ня пужалі.