Псалтыр 101 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Давідаў. Псальм. Буду спяваць пра міласэрнасць і суд. Буду Табе, Госпадзе, псальмы спяваць.
Псальм Давідавы. Сьпяваць буду аб любові і справядлівасьці, — Табе, Госпадзе, псальмы пяяць буду.
Буду асэнсоўваць на шляху бязгрэшным, калі Ты прыйдзеш да мяне? Буду я хадзіць у беззаганнасці сэрца майго, пасярод дома майго.
Буду хадзіць шляхам дасканалых: калі Ты прыйдзеш да мяне. У чыстаце сэрца паступаць буду пасярод дому майго.
Не стаўлю перад вачамі маімі ўчынак нячысты, ненавіджу я таго, хто ўчыняе крывадушныя справы; не дакранаецца да мяне.
Не пастаўлю сабе прад маімі вачыма нічога нягоднага: ненавіджу тых што твораць злачынства, ня прыстане яно да мяне.
Сэрца заганнае аддаліцца ад мяне, не спазнаю я ліхадзейнага.
Фальшывае сэрца здалёк будзе ад мяне, зала не хачу я і ведаць.
Хто за вочы абгаворвае бліжняга свайго, — такога праганю; ганарыстага вокам і пыхлівага сэрцам, — такога не пацярплю.
Я прымушу маўчаць таго, хто таёмна чэрніць бліжняга свайго; пышнага вокам й гордага сэрцам не пацярплю.
Вочы мае — да верных зямлі, каб сядзелі яны побач са мной. Хто ходзіць шляхам беззаганным, той будзе мне служыць.
Вочы мае на верных зямлі, каб жылі пры мне; хто ходзіць шляхам дасканалых, той будзе маім слугою.
Не будзе жыць у доме маім той, хто праяўляе пыху; хто гаворыць зманліва, не будзе стаяць перад вачамі маімі.
Хто снуець здраду, ня будзе жыць у доме маім; хто гаворыць ілжывасьць, ня ўстоіць прад вачыма маімі.
На досвітку буду праганяць усіх грэшнікаў зямлі, каб выкараніць з горада Госпадава ўсіх тых, што чыняць несправядлівасць.
Што-ранак прымушу маўчаць усіх бязбожных зямлі, каб з гасподняга места выкараніць усіх злачынцаў.