Псалтыр 146 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Алілуя. Хвалі, душа мая, Госпада,
Алелюя! Хвалі, душа мая, Госпада!
буду хваліць Госпада пры жыцці маім, буду спяваць псальмы Богу майму, колькі жыць буду.
Хваліць хачу Госпада, пакуль жыву; сьпяваць буду Г-ду, пакуль трываць буду.
Не ўскладайце надзею на князёў, на сына чалавечага, у якіх няма збаўлення.
Не кладзіце вашае веры у князёх, ані ў сыне зямлі, бо ён збавіць ня можа.
Выйдзе дух яго і вернецца ён у сваю зямлю, у гэты дзень загінуць усе намеры яго.
Ён, як аддасьць дух, дык вернецца ў сваю гліну і ў той-жа дзень счезнуць мысьлі яго.
Шчасны той, каму Бог Якубаў успаможца, чыя надзея ў Госпадзе Богу сваім,
Шчасьлівы, хто мае ў помачы Бога Якубавага, а ягоная надзея — у Г-дзе Богу ягоным! —
Які стварыў неба і зямлю, і мора ды ўсё, што ў іх ёсць; Які пільнуецца праўды вечна,
Той, што стварыў неба і зямлю, мора і ўсё, што ў ім. Ён праўду хавае навекі.
чыніць суд прыгнечаным, дае ежу тым, што прагнуць. Госпад вызваляе вязняў.
Ён вяртае справядлівасьць прыгнечаным, галодным хлеб дае; Госпад вязьняў вызваляе.
Госпад прасвятляе сляпых, Госпад выпрастоўвае сагнутых, Госпад любіць справядлівых.
Госпад вертае вочы сьляпым, раўняе пахіляных,
Госпад апякуецца прыхаднямі, падтрымлівае сірату і ўдаву і знішчае дарогу грэшнікаў.
Госпад апякуецца пілігрымамі, падтрымлівае сірату і ўдаву.
Госпад валадарыць вечна, Бог твой, Сіёне, з пакалення ў пакаленне.
Госпад любіць справядлівых, але дарогу бязбожных адвертае. Госпад валадарыць на векі! Твой Бог, Сыёне, з роду ў род! (Алелюя!)