Псалтыр 8 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. На мелодыю песні “Выціскальні...” Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору — на струнах арфы. Псальм Давідавы.
Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі, бо слава Твая ўзнялася вышэй нябёсаў.
Госпадзе, Божа наш, як вялікае Імя тваё на ўсёй зямлі! Слава твая узвышана над нябёсы.
Праз вусны дзяцей і немаўлят учыніў Ты хвалу дзеля ворагаў Тваіх, каб утаймаваць ворага і мсціўцу.
Праз вусны дзетак і малюсенькіх Ты збудаваў хвалу супраць ворагаў тваіх, каб паўстрымаць ворагаў і мсьціўцаў.
Калі бачу нябёсы Твае, твор пальцаў Тваіх, месяц і зоркі, якія Ты заснаваў, —
Як гляджу на неба, дык яно — твор пальцаў тваіх, на месяць і на зоркі, якія ты ўцьвярдзіў,
то што ж ёсць чалавек, што Ты памятаеш пра яго, або сын чалавечы, што Ты адведваеш яго?
Дык што ёсьць чалавек, што Ты памятаеш аб ім? І чым ёсьць сын чалавечы, што Ты аб ім клапоцішся?
Мала панізіў Ты яго за анёлаў, славаю і пашанаю ўвянчаў яго,
Учыніў Ты яго мала меншым ад анёлаў:(а) славай і гонарам Ты аздобіў яго.
і паставіў яго над стварэннямі рук Тваіх, і ўсё Ты кінуў пад ногі яго, —
Ты паставіў яго гаспадаром над творамі рук тваіх, і ўсё падклаў пад ногі яго, —
авечак і быкоў усіх, і ў дадатак звяроў палявых,
Авечак і валоў усіх, дый нават зьвяр’ё палявое.
птушак нябесных ды рыб марскіх, і ўсё, што ходзіць па шляхах марскіх.
Птаства паднябеснае і рыбаў у моры і ўсё, што праходзе шляхамі марскімі.
Госпадзе, Госпад наш, якое ж дзівоснае імя Тваё па ўсёй зямлі!
Госпадзе, наш Уладыка, як вялікае Імя тваё на ўсёй зямлі!