Псалтыр 35 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Давідаў. Асудзі, Госпадзе, тых, што асуджаюць мяне; выйдзі супраць тых, што ідуць супраць мяне.
Псалом Давідавы. Асудзі Госпадзе тых, што мяне вінавацяць: перамажы нападаючых на мяне!
Схапі малы і вялікі шчыт і ўстань на дапамогу мне,
Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань мне на падмогу!
выцягні абсечны меч і сякіру супраць тых, што чыняць мне пераслед. Скажы душы маёй: «Ратунак твой — гэта Я».
Кінь кап’ё і піку супраць нападаючых на мяне! Скажы душы маей: “Я ёсьць збаўленьне тваё!”.
Хай пасаромяцца і збянтэжацца тыя, што шукаюць душу маю. Хай адступяцца назад і пасаромяцца тыя, што задумваюць ліха на мяне.
Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца тыя, што шукаюць душы маей! Назад! Хай адступяцца асаромленыя тыя, што думаюць ліхое пра мяне.
Хай будуць яны, як попел на ветры, і анёл Божы, які праганяе іх.
Няхай будуць як мякіна пад ветрам, калі анёл Гасподні прагоніць іх.
Хай дарога іх будзе цемрай і слізгатой, і Анёл Божы, які чыніць ім пераслед.
Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі!
Без прычыны бо нацягнулі яны на мяне сетку сваю, без прычыны выкапалі воўчую яму супраць душы маёй.
Бяз прычыны яны наставілі на мяне сваю сетку і капаюць для мяне яму.
Хай на яго прыйдзе загуба, пра якую ён не ведае, і сіло, што ён схаваў, хай захопіць яго, і ў тую самую згубу хай ён уваліцца.
Няхай зьнянацку нападзе на іх згуба, а сець, што на мяне наставілі, хай іх самых зловіць і ў свой дол няхай самі зваляцца!
Душа ж мая будзе радавацца ў Госпадзе і цешыцца з Яго збавення.
А мая душа будзе весяліцца ў Госпадзе: будзе радавацца з вызваленьня Яго.
Усе косці мае скажуць: «Госпадзе, хто падобны да Цябе? Ты вырываеш няшчаснага з рук дужэйшага за яго, абнядоленага і беднага — ад тых, што рабуюць яго».
Усе косьці мае скажуць: “Госпадзе, хто падобны да Цябе, які ўвальняеш слабога ад наймацнейшага і бедака ад абдзіралы?”.
Падняўшыся, фальшывыя суддзі дапытваліся ў мяне таго, пра што я не ведаю.
Паўсталі фальшывыя сьведкі: пытаюць мяне аб тым, чаго я ня ведаю.
Адгаджалі яны мне ліхам за дабро: адзінотаю душы маёй.
Аддаюць мне зло за дабро: жыцьцё маё асталося пустое (асірацела душа мая).(а)
Я ж, калі яны слабелі, апранаўся ў зрэбніцу, праз пост рабіў душу маю пакорлівай, і малітва мая ва ўлонні маім перамянялася.
А я падчас іхняе хваробы апрануўся ў жалобу і марыў сябе пастом, а малітва мая трывала ўнутры.
Я паводзіў сябе, як у адносінах да сваяка ці да брата майго, тужлівы, хіліў галаву, быццам па маці смуткуючы.
Як бы па прыяцелю ці па брату хадзіў я сумны, Як бы ў жалобе па матцы, засмучаны і пахіляны.
А калі я пахіснуўся, яны ўзрадаваліся і сышліся разам, сышліся супраць мяне, наносячы раны, а я не ведаў.
Калі ж я захістаўся, яны сьмяяліся, — зьбегліся — сабраліся супраць мяне. Чужыя, які я ня ведаю, турбавалі мяне зь вялікім крыкам.
Рабавалі і не спыняліся, спакушалі мяне, здзекаваліся з мяне з пагардаю, скрыгаталі зубамі сваімі супраць мяне.
Зьдзекаваліся, зневажаючы насьмешкамі і крыгочучы на мяне зубамі.
Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі назад душу маю ад ліхасці іх, ад ільвоў — адзіную маю.
О, Госпадзе! Дакуль будзеш прыглядацца? Адвядзі ад іх рыканьня душу маю, ад львоў — адзіную маю!
Вызнаваць Цябе буду на вялікім сходзе, пры мностве людзей хваліць Цябе буду.
Славіць Цябе буду ў вялікай грамадзе: сярод безьлічы народу хваліць Цябе буду.
Хай не пацяшаюцца з мяне несправядлівыя ворагі мае, якія зненавідзелі мяне без прычыны і робяць знакі вачамі сваімі.
Каб не маглі пацяшацца нада мною мае ворагі, каб ня міргалі вачыма тыя, хто бяз прычыны брыдзяцца мною.
Бо не міралюбна размаўлялі яны і супраць пакорлівых на зямлі ліхое задумваюць.
Бо гамоняць між сабою аб супакою, але супраць ціхіх на зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
І супраць мяне разявілі раты свае, кажучы: «Добра! Добра! Бачылі вочы нашы!»
Шырака разявіўшы ляпы свае, яны крычалі: “Гэй — гэй! Бачыла нашае вока”.
Ты ўбачыў, Госпадзе, не маўчы; Госпадзе, не адступайся ад мяне!
Ты бачыў, Госпадзе! Не маўчы, Госпадзе, ня будзь ад мяне далёка.
Абудзіся і чувай дзеля суда майго, Божа мой і Госпадзе мой, дзеля справы маёй!
Прабудзіся! Устань, Госпадзе Божа мой, каб бараніць мяне у справе маей.
Судзі мяне па Сваёй справядлівасці, Госпадзе, Божа мой, хай не пацяшаюцца з мяне.
Судзі мяне паводле тваей справядлівасьці, Госпадзе, Божа мой, каб нада мной ня збыткаваліся!
Хай не думаюць у сваіх сэрцах: «Ага! Гэтага і хацелі мы!» Хай не кажуць: «Добра, [гэта] нам па душы», хай не кажуць: «Праглынулі мы яго!»
Каб не казалі ў сэрцы сваім: “Гэй — гэй!” (мы гэтак хацелі). Каб не гаварылі: “Мы яго праглынулі”.
Хай пачырванеюць і збянтэжацца ўсе разам тыя, што цешацца з няшчасцяў маіх. Хай апрануцца ў сорам і ганьбу тыя, што шмат нагаворваюць на мяне.
Няхай асаромяцца і заўстыдзяцца усе разам, што цешацца з майго няшчасьця. Няхай акрыюцца ганьбай і пагардай тыя, што ўзвышаюцца нада мною!
Хай радуюцца і цешацца тыя, што жадаюць справядлівасці маёй і хай заўсёды кажуць: «Хай узвялічаны будзе Госпад, які прагне супакою слугі Свайго».
Няхай сьмяюцца і радуюцца тыя, якія цешацца з маей справядлівасьці і тыя, што бязупынна гавораць: “Вялікі Госпад, Які цешыцца супакоем слугі свайго!”.
А язык мой апяваць будзе справядлівасць Тваю, цэлы дзень — хвалу Тваю.
І язык мой будзе прапаведываць справядлівасьць тваю — кожны дзень — праўду тваю.