Псалтыр 35 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Давідава. СПАДАРУ! сьперачайся з тымі, што сьперачаюцца з імною, ваюй з тымі, што ваююць з імною;
 
Псалом Давідавы. Асудзі Госпадзе тых, што мяне вінавацяць: перамажы нападаючых на мяне!

Схапі шчыт а панцыр і паўстань на помач імне;
 
Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань мне на падмогу!

Агалі дзіду й пераймі перасьледаваньнікаў маіх; скажы душы маёй: «Твае выбаўленьне Я».
 
Кінь кап’ё і піку супраць нападаючых на мяне! Скажы душы маей: “Я ёсьць збаўленьне тваё!”.

Хай засаромяцца і будуць паганьбены шукаючыя душы мае; няхай адступяць назад і будуць асарамочаны задумляючыя ліха на мяне;
 
Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца тыя, што шукаюць душы маей! Назад! Хай адступяцца асаромленыя тыя, што думаюць ліхое пра мяне.

Няхай будуць яны, як умецьце перад ветрам, і Ангіл СПАДАРОЎ хай іх пражанець.
 
Няхай будуць як мякіна пад ветрам, калі анёл Гасподні прагоніць іх.

Хай будзе дарога іхная хмарная а коўзкая, і Ангіл СПАДАРОЎ хай жанецца за імі;
 
Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі!

Бо яны бязь віны прыкрылі імне яму сецьцю сваёй, бязь віны падкапаліся пад душу маю.
 
Бяз прычыны яны наставілі на мяне сваю сетку і капаюць для мяне яму.

Хай прывядзець на яго загубу, каторае ён ня знаў, і сець, што ён схаваў, хай злове яго; хай ублытаецца ў яе на загубу.
 
Няхай зьнянацку нападзе на іх згуба, а сець, што на мяне наставілі, хай іх самых зловіць і ў свой дол няхай самі зваляцца!

А душа мая будзе цешыцца ў СПАДАРУ, вяселячыся ў спасеньню Ягоным.
 
А мая душа будзе весяліцца ў Госпадзе: будзе радавацца з вызваленьня Яго.

Усі косьці мае скажуць: «СПАДАРУ, хто падобны да Цябе, Каторы вывальняеш убогага ад дужшага за яго, убогага а беднага ад глабаньніка ягонага?»
 
Усе косьці мае скажуць: “Госпадзе, хто падобны да Цябе, які ўвальняеш слабога ад наймацнейшага і бедака ад абдзіралы?”.

Паўстаюць крыўдныя сьветкі: чаго ня ведаў, пытаюць у мяне.
 
Паўсталі фальшывыя сьведкі: пытаюць мяне аб тым, чаго я ня ведаю.

Адплачуюць імне благім за добрае, сіроцтвам душы маёй.
 
Аддаюць мне зло за дабро: жыцьцё маё асталося пустое (асірацела душа мая).(а)

А я ў часе хваробы іхнае адзяваўся ў зрэбніну, высіляў постам душу сваю, і малітва мая зварачалася на ўлоньне мае;
 
А я падчас іхняе хваробы апрануўся ў жалобу і марыў сябе пастом, а малітва мая трывала ўнутры.

Бо дзеля прыяцеля свайго, бы дзеля брата свайго, я хадзіў; як плачучы па матцы, шчарнелы й згорбіўшыся.
 
Як бы па прыяцелю ці па брату хадзіў я сумны, Як бы ў жалобе па матцы, засмучаны і пахіляны.

А, як я кульгаў, яны цешыліся й зьбіраліся, зьбіраліся супроці мяне бітуны, а я ня ведаў; яны ірвалі, а не маўчэлі,
 
Калі ж я захістаўся, яны сьмяяліся, — зьбегліся — сабраліся супраць мяне. Чужыя, які я ня ведаю, турбавалі мяне зь вялікім крыкам.

Разам із двудушнікамі а насьміханьнікамі за пачостку, скрыгочачы на мяне зубамі сваімі.
 
Зьдзекаваліся, зневажаючы насьмешкамі і крыгочучы на мяне зубамі.

Спадару, як доўга будзеш глядзець на гэта? Зьвярні душу маю ад згубы, ад іх, ад левянят адзіную маю!
 
О, Госпадзе! Дакуль будзеш прыглядацца? Адвядзі ад іх рыканьня душу маю, ад львоў — адзіную маю!

Я ўслаўлю Цябе ў грамадзе вялікай, у людзе моцным буду хваліць Цябе.
 
Славіць Цябе буду ў вялікай грамадзе: сярод безьлічы народу хваліць Цябе буду.

Хай ня цешацца зь мяне манлівыя непрыяцелі мае, ненавідзячыя мяне бяз прычыны няхай ня міргаюць ачыма;
 
Каб не маглі пацяшацца нада мною мае ворагі, каб ня міргалі вачыма тыя, хто бяз прычыны брыдзяцца мною.

Бо яны ня гукаюць празь мір, але супроці міралюбовых зямлі ізрадлівыя словы думаюць.
 
Бо гамоняць між сабою аб супакою, але супраць ціхіх на зямлі снуюць здрадлівыя думкі.

І яны разявілі на мяне раты свае, яны казалі: «Ага, ага, бачыла гэта вока наша».
 
Шырака разявіўшы ляпы свае, яны крычалі: “Гэй — гэй! Бачыла нашае вока”.

Ты бачыў, СПАДАРУ, не маўчы; Спадару, ня будзь далёка ад мяне.
 
Ты бачыў, Госпадзе! Не маўчы, Госпадзе, ня будзь ад мяне далёка.

Прачхніся а ўстань на суд мой, Божа мой, Спадару мой, за справу маю.
 
Прабудзіся! Устань, Госпадзе Божа мой, каб бараніць мяне у справе маей.

Судзі мяне, СПАДАРУ, Божа мой, подле справядлівасьці Свае, няхай яны ня цешацца зь мяне;
 
Судзі мяне паводле тваей справядлівасьці, Госпадзе, Божа мой, каб нада мной ня збыткаваліся!

Няхай яны ня кажуць у сэрцу сваім: «Ага — наша душа»; няхай ня мажуць: «Мы яго ізьелі».
 
Каб не казалі ў сэрцы сваім: “Гэй — гэй!” (мы гэтак хацелі). Каб не гаварылі: “Мы яго праглынулі”.

Няхай засаромяцца і будуць асарамочаны разам тыя, што цешацца з майго няшчасьця; няхай убяруцца ў сорам а ганьбу тыя, што вяльмуюцца над імною.
 
Няхай асаромяцца і заўстыдзяцца усе разам, што цешацца з майго няшчасьця. Няхай акрыюцца ганьбай і пагардай тыя, што ўзвышаюцца нада мною!

Няхай пяюць а цешацца жадаючыя майго аправеньня, і кажуць штачасна: «Хай узьвялічыцца СПАДАР, Каторы жадае супакою слузе Свайму».
 
Няхай сьмяюцца і радуюцца тыя, якія цешацца з маей справядлівасьці і тыя, што бязупынна гавораць: “Вялікі Госпад, Які цешыцца супакоем слугі свайго!”.

А язык мой будзе азнаймляць справядлівасьць Тваю, цэлы дзень хвалу Тваю.
 
І язык мой будзе прапаведываць справядлівасьць тваю — кожны дзень — праўду тваю.