Псалтыр 63 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча
Псальма Давідава, як ён быў на пустыні Юдэйскай.
Псальм Давідавы, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.
Божа! Бог мой Ты. Цябе я золкам шукаю; сьмягне Цябе душа мая, тужа па Табе цела мае, як у сухой, высіляючай зямлі, без вады.
Божа, Ты — Бог мой! Я Цябе ўзаранку шукаю. Душа мая прагне Цябе, па Табе тужыць маё цела, як зямля сухая, __________, бязводная.
Гэтак у сьвятыні я сузіраў Цябе, каб бачыць сілу Тваю а чэсьць Тваю;
Так і я ў сьвятыні выглядаю Цябе, каб убачыць сілу і славу Тваю.
Бо лепшая ласка Твая за жыццё, мае вусны будуць выхваляць Цябе;
Бо міласьць лепш за жыцьцё: вусны мае хваліць Цябе будуць.
Так я буду дабраславіць Цябе ў жыцьцю сваім; у імя Твае ўзьніму рукі свае.
Гэтак хваліць Цябе буду за жыцьця майго, а ў Імя тваё — узьнімаць рукі мае.
Як шпікам а тукам сыціцца душа мая, радаснымі вуснамі выхваляе Цябе рот мой,
Душа мая насыціцца як бы салам і тлушчам, вусны мае радасным сьпевам уславяць Цябе,
як я думаю празь Цябе на пасьцелі сваёй, на ночных вартах размышляю празь Цябе;
калі буду ўспамінаць аб Табе на пасьцелі маей: у час чуваньня начнога разважаю аб Табе.
Бо Ты быў на помач імне, і ў сьценю крылаў Тваіх я пяю.
Бо Ты стаў маей успамогай і ў цяню тваіх крыльляў я весялюся.
Прыліпла душа мая да Цябе; правіца Твая падпірае мяне.
Душа мая да Цябе прытулілася, правіца твая мяне падтрымлівае.
Але тыя, што шукаюць зьнішчыць жыцьцё мае, пойдуць у споднія месцы зямлі;
Тыя ж, што шукаюць загубы маей, няхай зайдуць у прадоньне зямлі!
Будуць сьцяты мячом, будуць здабыткам лісоў.
Каб былі пабітыя мячом і каб сталі дабычаю шакалаў!
А кароль будзе цешыцца ў Богу, пахваляцца ўсі прысягаючыя Ім, бо заткнёныя будуць раты манюкаў.
А Цар будзе радавацца ў Богу і хто праз Яго прысягае, будзе хваліцца. А вусны брахлівыя будуць заткнёныя.