Псалтыр 69 псалом

Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. На Шошаніме. Давідава.
 
Кіраўніку хору. На лад: “Лілеі”. Давідавы.

Выбаў мяне, Божа, бо воды прышлі аж да душы.
 
Збаў мяне, Божа, бо воды даходзяць да душы маей!

Я ўграз у глыбокай дрыгве, і няма адзяржаньня; увыйшоў у глыбіню вады, і плынь іх панесла мяне.
 
Зараз я ў бяздонным балоце і няма дзе стаяці: трапіў я ў глыб водную і хвалі мяне заліваюць.

Я змогся ад галашэньня свайго, высахла грытанка мая; выцяклі вочы мае ад спадзяваньня Бога свайго.
 
Я зьнямогся ад крыку, засохла горла ў мяне, змарыліся вочы мае, выглядаючы Бога майго.

Чысьленшыя за валасы на галаве маёй ненавідзячыя мяне бяз прычыны; умацаваліся ўцісканьнікі мае, манлівыя непрыяцелі мае; чаго я ня ўкраў, маю цяпер аддаць.
 
Тых, хто мяне бяз віны ненавідзяць, больш чым валасоў на маей галаве і тых, што мяне несправядліва пахінаюць. Мушу зьвяртаці тое, чаго я ня браў.

Божа! Ты знаеш дурноту маю, і віны мае не схаваны ад Цябе.
 
О Божа, Ты ведаеш маю дурноту: мае правіны адкрыты прад Табою.

Няхай не засарамацяцца перазь мяне тыя, што спадзяюцца на Цябе, Спадару, СПАДАРУ войскаў. Няхай ня будуць паганьбены перазь мяне шукаючыя Цябе, Божа Ізраеляў!
 
Ня дай, каб праз мяне сароміліся тыя, што на Цябе спадзяюцца, Госпадзе Божа! Каб ня стыдаліся праз мяне тыя, што Цябе шукаюць, Божа Ізраіля!

Бо дзеля Цябе я цярплю ўпікі, ганьба пакрыла від мой.
 
Бо дзеля Цябе я цярплю зьнявагу: сорамам твар мой пакрыты.

Адчураліся мяне браты мае, чужым я сыном маці свае;
 
Я стаўся чужым для братоў маіх і незнаёмы для сыноў маей маткі.

Бо рупатлівасьць па доме Тваім ізьела мяне, упікі ўпікаючых Табе палі на мяне.
 
Бо рупнасьць аб твой дом мяне зьядае і зьнявагі тых, што Цябе абражаюць, на мяне валяцца.

І выплакаў я постам душу сваю, гэта стала ўпікамі імне;
 
Душу сваю я змарыў пастом, і гэта за ганьбу мне палічылася.

І зрабіў я зрэб’е адзецьцям сваім, і стаў прыказяй ім.
 
Замест вопраткі я ўздзеў валасяніну і для іх стаўся прыповесьцяй.

Гукаюць празь мяне седзячыя ў браме, і п’ючыя хмельныя напіткі пяюць празь мяне.
 
Яны абмаўляюць мяне, пасядаўшы ў браме і прыпеўкі сьпяваюць, віно папіваючы.

Але што да мяне, малітва мая да Цябе, СПАДАРУ, у пажаданым часе; Божа! у множасьці ласкі Свае адкажы імне ў праўдзе спасеньня Твайго.
 
А я да цябе малюся, Госпадзе, у часе спрыяльным: о Божа, у ласцы тваей вялікай выслухай мяне, у праўдзе збаўленьня твайго!

Ратуй мяне ад балота, і хай ня ўгразну я; ратуй ад непрыяцеляў маіх і ад глыбокіх водаў;
 
Вырві мяне з балота, каб я не заграз: выратуй ад тых, што мяне прасьледуюць, дый із водных глыбіняў!

Няхай не панясець мяне плынь вады ані глыб праглынець мяне, ані зачыне дол свае адтуліны над імною.
 
Каб цячэньне водаў не затапіла мяне, каб глыбь мяне не праглынула, каб бяздоньне свайго горла нада мною не замкнула!

Адкажы імне, СПАДАРУ, бо добрая ласка Твая; подле множасьці міласэрдзя Свайго, абярніся да мяне;
 
Выслухай мяне, Госпадзе, бо дабрата твая — ласкавая! Праз веліч ласкавасьці тваей зірні на мяне!

Не хавай віду Свайго ад слугі Свайго, бо я ў немарасьці; пабарзьдзі адказаць імне;
 
І не хавай аблічча твайго ад слугі твайго, бо уціск абыймае мяне: пасьпяшы выслухаць мяне!

Дабліжся да душы мае, адкупі яе; напярэк злосьнікам маім вывальні мяне.
 
Прыбліжся да душы маей і збаў яе (памсьці яе): супраць ворагаў маіх вызваль мяне!

Ты ведаеш упікі імне, сорам мой а ганьбу маю; перад Табою ўсі ўцісканьнікі мае.
 
Ты ведаеш таго, хто мяне зьневажае: мае прыгнятацелі — усе перад Табою.

Упікі зламілі сэрца мае, так што я ў безнадзеяньню; спадзяваўся спагадніка, і няма, — і пацяшыцеляў, але не знайшоў.
 
Ганьба разьбіла маё сэрца — ад стыду і зьнявагі я зьнемагаю: чакаў спачуваньня, дык надарэмна, і прыяцеляў, дый не знайшоў іх!

І далі ў ежы імне жоўць, і прагнаць смагу маю далі імне воцат піць.
 
За страву давалі мне жоўць, а як я меў смагу, напаілі мяне воцатам.

Няхай стол іхны стане ім сецьцю, няхай супакойныя чэсьці будуць ім пасткаю.
 
Няхай стол іхні стане пасткай для іх, а іхні збытак — падманам!

Няхай вочы іхныя занявісьнеюць, каб яны не маглі бачыць, а сьцёгны іхныя хай кажначасна дрыжаць.
 
Хай зацьмяцца іхнія вочы, каб больш не бачылі, няхай паясьніца іх заўсёды дрыжыць!

Вылі на іх абурэньне Свае, і няхай палаючы гнеў Твой асягне іх.
 
Вылій на іх сваю запальчывасьць, а полымя гневу твайго няхай іх дасягне!

Няхай селішча іхнае спусьцее, у буданох іхных хай ня будзе жывучага;
 
Няхай сяліба іхняя апусьцее, дый хай ніхто ня жыве ў іхніх палатках.

Бо таго, каго Ты выцяў, яны перасьлядуюць і праз мукі раненых Табою яны павядаюць.
 
Яны прасьледуюць, каго Ты пакараў, дый дадаюць ранаў тым, каго Ты параніў.

Дадай ім бяспраўе на бяспраўе іхнае, няхай яны ня ўвыйдуць у справядлівасьць Тваю.
 
Далучы злачынства да злачынства іхняга, каб ня мелі больш доступу да тваей справядлівасьці!

Няхай яны будуць выцерты з кнігі жыцьця і із справядлівымі хай ня будуць запісаны.
 
Няхай яны будуць выкрэсьлены з кнігі жывых, каб ня былі запісаны з справядлівымі!

Але я бедны й мучаюся; спасеньне Твае, Божа, хай падыйме мяне!
 
Я ж няшчасны і набалелы: твая помач, о Божа, хай падыйме мяне!

Я буду выхваляці імя Божае песьняю, буду ўзьвялічаць Яго падзякаю.
 
Я славіць буду Імя Божае ў песьні і буду хваліць Яго з падзякаю.

Валей гэта будзе СПАДАРУ, чымся вол, чымся цялё з рагамі а з раздвоенымі капытамі.
 
Гэта будзе Госпаду больш даспадобы, чымся вол, або цяля рагатае з капытамі.

Абачаць гэта пакорныя і ўзьвяселяцца; вы, што шукаеце Бога, няхай сэрцы вашыя акрыяюць;
 
Убачыць гэта пакорны і ўцешыцца: вы, што шукаеце Бога, хай сэрца вашае ажывіцца!

Бо СПАДАР чуе галечаў і вязьнямі сваімі ня грэбуе.
 
Бо Госпад слухае ўбогіх і вязьнямі сваімі не пагарджае.

Няхай выхваляюць Яго нябёсы й зямля, моры й усе, што кратаецца ў іх.
 
Няхай Яго хваляць неба і зямля, і мора і ўсё, што варушыцца ў ім!

Бо Бог спасае Сыён і адбудуе месты Юдзіны; і будуць жыці там, і спадзець ён ім;
 
Бо збавіць Бог Сыён, адбудуе мосты Юдэйскія: там будуць сяліцца і ўладаць імі.

Насеньню слугаў Ягоных спадзець ён, і тыя, што любяць імя Ягонае, будуць жыці ў ім.
 
І насеньне слуг ягоных атрымае іх у спадчыну, а хто Імя ягонае любіць, жыць там будзе.