Псалтыр 72 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча
Салямонава. Божа, суды Свае дай каралю і справядлівасьць Сваю каралевічу.
Саламона. О, Божа, даў суд твой цару і справядлівасьць тваю сыну цара!
Няхай судзе люд Твой у справядлівасьці і ўбогіх Тваіх судам.
Каб ён кіраваў народам тваім справядліва і пакорнымі тваімі паводле права.
Няхай горы даюць супакой люду і ўзгоркі — справядлівасьць.
Каб горы прынесьлі народу супакой і ўзгоркі — справядлівасьць.
Няхай ён судзе ўбогіх люду, вывальняе дзеці бедных і мяжджуле ўцісканьніка!
Каб рассудзіў уніжаных з народу, ратаваў дзяцей убогіх і скрышыў іхніх гвалтоўнікаў.
І будуць баяцца Цябе, пакуль сонца а пакуль месяц, з роду да роду.
І будзе ён жыць з роду ў род, пакуль будзе сонца ды месяц.
Ён зыйдзе, як дождж просьле касьбы, як каплі навадняючыя зямлю.
Няхай усходзе як дождж на атаву, як улева, што навадняе зямлю!
Заквіціць за дзён ягоных справядлівы і шмат супакою, пакуль будзе месяц.
За яго дзён закрасуе справядлівасьць і мір глыбокі, пакуль трывае месяц.
І будзе мець дзяржаву ад мора аж да мора і ад Ракі аж да канцоў зямлі.
І будзе ён панаваць ад мора да мора і ад Ракі — аж да краю зямлі.
Перад відам ягоным уклякнуць жыхары пустыняў, і злосьнікі ягоныя будуць лізаць пыл.
Перад ім паклоняцца праціўнікі, а ворагі яго лізаць будуць пыл (зямлі).
Каралі Таршышу а абтокаў дадуць дань, каралі Шэвы а Сэвы дабліжаць дар.
Цары Тарсу і астравоў прыносяць яму дарункі, цары Арабіі і Сабы дадуць ахвяры.
І паклоняцца яму ўсі каралі, усі народы будуць служыць яму;
І паклоняцца яму ўсе цары, усе народы яму служыць будуць.
Бо ён вывальне беднага, як тый гукае, убогага, памагатыра нямаючага.
Бо ён паратуе ўбогага, які помачы кліча і няшчаснага, што помачы не мае.
Ён будзе мець жаласьць над галечаю а бедным і душы бедных уратуе;
Ён літуецца над слабым і небаракам і збавіць душы беднякоў.
Ад уціску а ўсілства адкупляе душы іх, і дарагая кроў іхная ў ваччу ягоным.
З уціску і гвалту вызваліць іх душы, і дарагая будзе іхняя кроў у ягоных вачах.
Будзе жыць, і дадуць яму із золата Шэвы, і будуць маліцца за яго кажначасна, увесь дзень дабраславіць яго.
(Няхай жыве і хай даюць яму золата з Сабы!) і будуць маліцца за яго заўсёды, і багаслаўляць штодня (яму).
Будзе множасьць збожжа на зямлі, на вярхох гор; будзе хвалявацца, як лес Лібану, садавіна яго, і заквітуць у местах людзі, як кветкі на зямлі.
Будзе багацьце збожжа на зямлі — аж да верху гораў! Празьмерна, як на Ліване (лясы), будуць шумець каласы і ў гарадах расцьвітуць (людзі) як трава ў полі.
Будзе імя ягонае на векі, перад сонцам будзе трываць імя ягонае. І дабраславяцца ім усі народы, будуць зваць яго шчасьлівым.
Хай будзе багаслаўлёнае ягонае Імя навекі, пакуль сонца будзе трываці. Багаслаўлёныя будуць у ім усе плямёны зямлі і будуць славіць яго ўсе народы.
Дабраславёны СПАДАР Бог, Бог Ізраеляў, Каторы адзін чыніш чудосныя рэчы.
Хай будзе пахвалёны Госпад, Бог Ізраіля, які Сам адзін творыць цуды!
І дабраславёнае імя сьці Ягонае на векі; няхай напоўне чэсьць Ягоная ўсю зямлю! Амін а Амін!
І багаслаўлена хай будзе ягонае слаўнае Імя навекі! Уся зямля няхай поўніцца славай ягонай! Аман! Аман!
Скончаны малітвы Давіда Есянка.
Канец малітваў Давіда, сына Ессея.