Псалтыр 73 псалом
Псалтыр
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча
Псальма Асафова. Запраўды добры Бог да Ізраелю, да чыстых сэрцам.
Псальм Азафа. Але нарэшце, які добры Бог для Ізраіля! І Госпад для людзей чыстага сэрца.
А я, — ледзь не пахіснуліся ногі мае, за малым не пакаўзнуліся ступы мае;
А ў мяне ледзь не захісталіся ногі, амаль не пакаўзнуліся крокі мае!
Бо я завідаваў пыхатым, як бачыў дабрабыт нягодных;
Бо я завідываў неразумным, бачучы бязбожных шчасьлівымі,
Бо ня спутаны яны аж да сьмерці, і здаровае цела іхнае.
што не зазнаюць ніякага гора: здаровае і моцнае іхняе цела.
У працы людзіны іх няма, і з чалавекам ня лучаюць пад вытні.
У бяду сьмяротных яны не пападаюцца ды іх ня б'юць як іншых людзей.
Затым прыбор іхны — пыха; усілства пакрывае іх, як адзецьце.
Дзеля таго пыжа ў іх як ашыйнік, а гвалт атуляе іх як вопратка.
Вылупіліся ад туку вочы іхныя, сэрцы іхныя пераліваюцца шалам.
З тлустага сэрца плыве іх злачынства — аж выліваюцца наверх іхнія задумы.
Насьміхаюцца; злосна гукаюць праз уціск; згары гукаюць.
Яны насьміхаюцца і гамоняць зласьліва: пагражаюць звысака прыгнётам.
На нябёсы падыймаюць рот свой, і язык іхны пахаджае па зямлі.
Вуснамі сваімі сягаюць да неба, а языком скачуць па зямлі.
Затым люд Ягоны зварачаецца туды, і ў множасьці п’юць ваду,
Таму і народ мой да іх зьвертаецца і як вадою ўпіваецца.
І кажуць: «Як можа Бог ведаць? ці ё там веданьне ў Навышняга?»
Яны кажуць: “Як жа Богу будзе ведама? Ці ж ёсьць у Найвышэйшага пазнаньне?”
Вось, гэтыя нягодныя, яны заўсёды супакойныя і зьбіраюць багацьце.
Такія вось ёсьць бязбожнікі і ў поўным супакоі дапаўняюць багацьце.
Дык дарма я чысьціў сэрца свае, і мыў у нявіннасьці рукі свае,
(І я сказаў): Ці ж тады не дарэмна я захаваў чыстае сваё сэрца, амываючы ў нявіннасьці рукі мае?
І быў немарашчаны ўвесь дзень і ганены раніцамі.
Калі быў біты ў кожны дзень і пераносіў кару кожную раніцу?
Калі б я сказаў: «Буду я так гукаць, як яны», то быў бы няверны роду сыноў Тваіх.
Калі б я гаманіў: “Я хачу гаварыць як яны!” Я ж быў бы здраднікам роду сыноў тваіх.
І думаў я, як сьцяміць гэта, стомаю гэта было ў аччу маім,
Тады я пачаў разважаць, каб зразумець гэта, але цяжкім гэта здавалася ў маіх вачах.
Пакуль я не пашоў да сьвятыняў Божых і ня сьцяміў канец іх.
Аж пакуль я не ўвайшоў у Божыя тайніцы і пакуль не зразумеў канец іх.
Запраўды на коўзкасьць Ты пастанавіў іх, кінуў іх на спустошаньне.
Сапраўды, Ты на схільнасьці ставіш іх і на згубу іх скідаеш.
Бы за часіну яны абярнуліся ў пусташ, сканалі, шчэзьлі ад ляку!
О, як у міг яны зьнішчаны, зьніклі, счэзлі ад страху!
Як сьненьні, калі хтось прачыхаецца; Спадару, пабудзіўшы, Ты пагрэбуеш абразом іхным.
Як сном посьле прабуджэньня, так Ты, Госпадзе, устаўшы, не дбаеш аб іхні абраз.
Як гарчэла сэрца мае і ў нутру маім калола,
Калі сэрца маё калацілася і нутро маё занямела,
Недасьціпны быў я й ня ведаў, быў як статак перад Табою.
дык я розум траціў і не цяміў нічога, ды быў перад Табою як скаціна.
Але я кажначасна пры Табе, Ты дзяржыш мяне за правую руку.
Але я застаўся пры Табе назаўсёды! Ты ўзяў мяне за правую руку маю.
Радаю Сваёю вядзеш мяне і потым у славу прыймеш мяне.
Ты радай тваей вядзеш мяне і посьле прыймаеш мяне да хвалы.
Хто імне на нябёсах? і з Табою нічога не хачу на зямлі.
Дык каго ж я маю на небе? З Табою на зямлі не жадаю нічога.
Змаглося цела мае а сэрца мае; скала сэрца майго і дзель мая Бог на векі.
Маё цела і маё сэрца зьнемагло: Бог — скала майго сэрца і ўдзел мой навекі!
Бо гля, тыя, што здаляюцца ад Цябе, загінуць; Ты губіш тых, што блудзяць, адыходзячы ад Цябе.
Бо, сапраўды, хто адыходзіць ад Цябе, загіне: Ты нішчыш тых, хто ад Цябе адступіўся.
Але я, — блізіня Бога добрая імне, — Спадара свайго СПАДАРА я ўчыніў прытулішчам сваім, каб агалашаць усі ўчынкі Твае.
А маё шчасьце — быць блізка Бога: я палажыў надзею ў Госпадзе, каб апавядаць усе твае ўчынкі (у брамах дачкі Сыёнскае).