Ёіля 1 разьдзел
Кніга прарока Ёіля
Пераклад Яна Станкевіча → Пераклад Язэпа Германовіча
Слова СПАДАРОВА, што было да Ёеля Пефуеленка.
Слухайце гэта, старыя, і нахініце вуха, усі жыхары зямлі: ці было гэта за дзён вашых альбо за дзён айцоў вашых?
Кажыце гэта дзяцём сваім, а дзеці вашыя — дзяцём сваім, а дзеці іхныя — наступному пакаленьню:
Засталае ад вусені ела шаранча, засталае ад шаранчы елі стрэлкі, засталае ад стрэлкаў даела мошка.
Прачхніцеся, п’яніцы, і плачча, і выйце ўсі, віно п’ючыя, па вінным соку, бо ён адцяты ад вуснаў вашых.
Бо прышоў на зямлю Маю народ дужы а няшчысьлёны, каторага зубы — зубы лявіныя, і шчэляпы — вялікага лява.
Спустошыў ён маё віно, акарыў фіґу, агаліў яе й адкінуў; галузы яе зьбялелі.
Галасі, як маладзіца, паперазаўшыся зрэбнінаю, па мужу маладосьці свае.
Адцяты хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому СПАДАРОВАГА; сьвятарове, слугі СПАДАРОВЫ, у жалобе.
Спустошана поле, зямля ў жалобе, бо збожжа збузавана, вінны сок высах, аліўка зьвяла.
Саромцеся, ралейнікі, выйце, віньнікі, па пшонцы а па ячменю, бо жніво загінула ў полю.
Віно ссохла, і фіґа зьвяла, гранатовае дзерва, пальма таксама, і яблына, усі дзервы палявыя пасохлі; бо высахла весялосьць сыноў людзкіх.
Паперажыцеся й галасіце, сьвятарове, выйце, слугі аброчнікавы, ідзіце, начуйце ў зрэбніне, слугі Бога майго, бо ўзьдзержаны хлебныя аброкі а ўзьліваньні ад дому Бога нашага.
Пасьвяціце дзень посту, згукайце ўрочысты збор, зьбярыце старых і ўсіх жыхараў зямлі гэтае да дому СПАДАРА, Бога нашага, і гукайце да СПАДАРА.
Бяда, бо дзень, бо дзень СПАДАРОЎ блізка, і прыходзе як зьнішчэньне ад Усемагучага.
Ці не перад ачыма нашымі адцята ежа, ад дому Бога нашага весялосьць а радасьць?
Згінула сяўба пад ськібамі сваімі, спусьцелі сьвірны, разбураны такі, бо збожжа ссохла.
Як стогне жывёла, мучыцца чарада статку! бо няма ім пашы, і чароды авец спустошаны.
Да Цябе, СПАДАРУ, гукаю, бо цяпло пажэрла пасьбішча пустыні, і полымя спаліла ўсі палявыя дзервы.
Таксам жывёла палявае рыкае да цябе, бо рэкі водаў высахлі, і цяпло пажэрла пасьбішчы пустыні.