Псалтыр 35 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Язэпа Германовіча
Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною.
Псалом Давідавы. Асудзі Госпадзе тых, што мяне вінавацяць: перамажы нападаючых на мяне!
Вазьмі шчыт і панцыр і паўстань на ўспамогу мне.
Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань мне на падмогу!
Схапі дзіду і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: «Я — збаўленьне тваё».
Кінь кап’ё і піку супраць нападаючых на мяне! Скажы душы маей: “Я ёсьць збаўленьне тваё!”.
Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.
Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца тыя, што шукаюць душы маей! Назад! Хай адступяцца асаромленыя тыя, што думаюць ліхое пра мяне.
Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДА няхай гоніць іх.
Няхай будуць як мякіна пад ветрам, калі анёл Гасподні прагоніць іх.
Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДА няхай перасьледуе іх.
Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі!
Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй.
Бяз прычыны яны наставілі на мяне сваю сетку і капаюць для мяне яму.
Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён.
Няхай зьнянацку нападзе на іх згуба, а сець, што на мяне наставілі, хай іх самых зловіць і ў свой дол няхай самі зваляцца!
А душа мая будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім.
А мая душа будзе весяліцца ў Госпадзе: будзе радавацца з вызваленьня Яго.
Усе косткі мае скажуць: «ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае?»
Усе косьці мае скажуць: “Госпадзе, хто падобны да Цябе, які ўвальняеш слабога ад наймацнейшага і бедака ад абдзіралы?”.
Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне,
Паўсталі фальшывыя сьведкі: пытаюць мяне аб тым, чаго я ня ведаю.
плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.
Аддаюць мне зло за дабро: жыцьцё маё асталося пустое (асірацела душа мая).(а)
А я падчас нядужасьці іхняй апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае.
А я падчас іхняе хваробы апрануўся ў жалобу і марыў сябе пастом, а малітва мая трывала ўнутры.
Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку.
Як бы па прыяцелю ці па брату хадзіў я сумны, Як бы ў жалобе па матцы, засмучаны і пахіляны.
Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі.
Калі ж я захістаўся, яны сьмяяліся, — зьбегліся — сабраліся супраць мяне. Чужыя, які я ня ведаю, турбавалі мяне зь вялікім крыкам.
Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі.
Зьдзекаваліся, зневажаючы насьмешкамі і крыгочучы на мяне зубамі.
Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад ільвянятаў адзіную маю.
О, Госпадзе! Дакуль будзеш прыглядацца? Адвядзі ад іх рыканьня душу маю, ад львоў — адзіную маю!
Буду славіць Цябе ў царкве вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе.
Славіць Цябе буду ў вялікай грамадзе: сярод безьлічы народу хваліць Цябе буду.
Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны.
Каб не маглі пацяшацца нада мною мае ворагі, каб ня міргалі вачыма тыя, хто бяз прычыны брыдзяцца мною.
Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць.
Бо гамоняць між сабою аб супакою, але супраць ціхіх на зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: «Ага, ага! Бачыла вока нашае!»
Шырака разявіўшы ляпы свае, яны крычалі: “Гэй — гэй! Бачыла нашае вока”.
Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!
Ты бачыў, Госпадзе! Не маўчы, Госпадзе, ня будзь ад мяне далёка.
Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю!
Прабудзіся! Устань, Госпадзе Божа мой, каб бараніць мяне у справе маей.
Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне,
Судзі мяне паводле тваей справядлівасьці, Госпадзе, Божа мой, каб нада мной ня збыткаваліся!
няхай ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Душа наша [гэтага хацела]!» Няхай яны ня скажуць: «Мы праглынулі яго!»
Каб не казалі ў сэрцы сваім: “Гэй — гэй!” (мы гэтак хацелі). Каб не гаварылі: “Мы яго праглынулі”.
Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною.
Няхай асаромяцца і заўстыдзяцца усе разам, што цешацца з майго няшчасьця. Няхай акрыюцца ганьбай і пагардай тыя, што ўзвышаюцца нада мною!
Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!»
Няхай сьмяюцца і радуюцца тыя, якія цешацца з маей справядлівасьці і тыя, што бязупынна гавораць: “Вялікі Госпад, Які цешыцца супакоем слугі свайго!”.
А язык мой будзе выказваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.
І язык мой будзе прапаведываць справядлівасьць тваю — кожны дзень — праўду тваю.