Псалтыр 40 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давіда.
 
Кіраўніку хору. Псальм Давідавы.

Спадзеючыся, спадзяваўся я на ГОСПАДА, і Ён схіліўся да мяне, і пачуў лямант мой.
 
Чакаў я зь вялікай надзеяй на Госпада і Ён схіліўся нада мною і выслухаў маё маленьне.

І вывеў мяне з ямы бурлівае, з твані балотнае, і паставіў на скале ногі мае, і ўзмоцніў крокі мае.
 
Вывеў мяне зь ямы пагібельнай, зь цяністага балота і ногі мае паставіў на скале, узмацняючы крокі мае.

І даў у вусны мае новы сьпеў, хвалу Богу нашаму. Шматлікія ўбачаць [гэта], і будуць баяцца, і будуць спадзявацца на ГОСПАДА.
 
У вусны мае ўлажыў новую песьню — хвалу нашаму Богу. Многія ўбачаць і ўбаяцца і давераць будуць Госпаду.

Шчасьлівы чалавек, які пэўнасьць сваю мае ў ГОСПАДЗЕ, і не зьвяртаецца да ганарыстых і тых, якія прыхіляюцца да няпраўды.
 
Шчасьлівы ёсьць той чалавек, які надзею сваю ўскладае на Госпада і ня схіляецца да непакорных і да тых, што блудзяць у няпраўдзе!

Шмат учыніў Ты, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, цудаў Тваіх, а намеры Твае дзеля нас ні з чым не параўнаеш перад Табою. Калі б я іх апавядаў і пра іх гаварыў, іх шматкроць больш, чым [можна] палічыць.
 
О, колькі Ты, Госпадзе Божа мой, учыніў цудаў і замыслаў тваіх дзеля нас! Нікога няма Таба роўнага. Я хацеў бы гэта абвяшчаць і пераказаць, дый лішне іх многа, каб іх палічыць.

Ахвяры і дары не даспадобы Табе; вушы Ты мне расчыніў. Цэласпаленьняў і ахвяры за грэх Ты не вымагаеш.
 
Ахвярай (жэртваў) і дараў Ты не жадаў, але Ты вушы мне адчыніў. Ты не хацеў жэртваў і цэлапаленьняў за грэх.

Тады я сказаў: «Вось, я іду! У скрутку кнігі напісана пра мяне».
 
Тады я сказаў: “Вось я іду! у кніжным зьвітку мне прадпісана. . . ”

Рабіць тое, што падабаецца Табе, Божа мой, я жадаю, і Закон Твой — у нутры маім.
 
Тварыць волю тваю, Божа мой, роскаш мая і Закон твой — у глыбіні майго сэрца.

Я дабравесьціў пра праведнасьць у царкве вялікай; вось жа, вуснаў сваіх я ня стрымліваў, Ты ведаеш [гэта], ГОСПАДЗЕ.
 
Я абвяшчаў справядлівасьць Госпада ў вялізнай грамадзе і вуснаў маіх я не спыняў, — Ты гэта ведаеш.

Праведнасьць Тваю я не хаваў у сэрцы маім, пра вернасьць Тваю і выратаваньне Тваё я казаў, міласэрнасьці Тваёй і праўды Тваёй перад царквой вялікай ня ўтоіваў.
 
Справядлівасьці тваей я не ўкрываў у глыбіні майго сэрца: я гаварыў пра вернасьць тваю і ўспамогу тваю, я не затаіў тваей міласьці і тваей праўды перад вялікім зборам.

ГОСПАДЗЕ, ня стрымлівай літасьці Тваёй адносна мяне; міласэрнасьць Твая і праўда Твая няхай заўсёды захоўваюць мяне,
 
А Ты, Госпадзе, не зачыняй ласкавасьці тваей ад мяне! Міласьць твая — магутная і праўда твая няхай захавае мяне заўсёды!

бо агарнулі мяне ліхоцьці бяз ліку, дагналі мяне правіны мае, ажно не магу я іх палічыць, іх больш, чым валасоў на галаве маёй, і сэрца маё пакінула мяне.
 
Дый беды аблягаюць мяне — нельга іх палічыць: мае праступкі зваліліся на мяне, так што не магу іх больш бачыць! Іх больш як валосься на маей галаве і сэрца маё ўпала.

Мей ласку, ГОСПАДЗЕ, вызваліць мяне! ГОСПАДЗЕ, пасьпяшайся на ўспамогу мне!
 
Будзь ласкаў, Госпадзе, збавіць мяне: пасьпяшы на ўспамогу мне, Госпадзе!

Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што шукаюць душы маёй, каб зьнішчыць яе; няхай адступяцца і будуць у сораме тыя, якім даспадобы ліхоцьце маё.
 
Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца ўсе тыя, што шукаюць пагібелі для душы маей! Няхай павернуць назад ды пакрыюцца стыдам тыя, што цешацца з майго няшчасьця!

Няхай аслупянеюць у сораме сваім тыя, якія кажуць мне: «Ага, ага!»
 
Няхай зьбянтэжацца ў сораме сваім тыя, што мне гукаюць: “Га-га!”.

Няхай радуюцца і весяляцца ў Табе ўсе, хто шукае Цябе. Няхай кажуць заўсёды тыя, што любяць выратаваньне Тваё: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАДЗЕ!»
 
Радасьць у Табе і вясельле няхай будзе ўсім тым, што Цябе шукаюць. Няхай гавораць заўсёды: ”Бог ёсьць вялікі” тыя, што любяць збаўленьне тваё.

Хоць я бедны і прыгнечаны, Госпад мой клапоціцца пра мяне. Ты — успамога мая і ратунак мой! Не затрымлівайся, Божа мой!
 
А я — бедны і няшчасны! “Госпадзе, прыйдзі скора! Ты — мая ўспамога і Збавіцель, Мой Божа, не марудзь! (не баўся!)”.