Псалтыр 35 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Язэпа Германовіча
Псальм Давідавы.Змагайся, Госпадзе, з тымі, што йдуць супраць мяне; перамажы тых, што боруцца са мною.
Псалом Давідавы. Асудзі Госпадзе тых, што мяне вінавацяць: перамажы нападаючых на мяне!
Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань на падмогу мне.
Вазьмі шчыт і зброю ды ўстань мне на падмогу!
Дастань меч і загарадзі дарогу тым, што гоняцца за мною. Скажы душы маёй: Я — збаўленьне тваё.
Кінь кап’ё і піку супраць нападаючых на мяне! Скажы душы маей: “Я ёсьць збаўленьне тваё!”.
Асаромяцца ўсе, што шукаюць душу маю; адступяцца й расчаруюцца тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.
Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца тыя, што шукаюць душы маей! Назад! Хай адступяцца асаромленыя тыя, што думаюць ліхое пра мяне.
І будуць яны, як палова пад ветрам, калі Ангел Гасподні пражане іх.
Няхай будуць як мякіна пад ветрам, калі анёл Гасподні прагоніць іх.
Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі Ангел Гасподні гнацца за імі будзе.
Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая, калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі!
Бо бяз прычыны наставілі яны мне ўкрадкам сець сваю, бяз прычыны выкапалі мне яму.
Бяз прычыны яны наставілі на мяне сваю сетку і капаюць для мяне яму.
Няхай зьнячэўку пагоня нападзе на яго, няхай самога зловіць сець, што ён мне ўкрадкам наставіў: на пагібель уваліцца ён;
Няхай зьнянацку нападзе на іх згуба, а сець, што на мяне наставілі, хай іх самых зловіць і ў свой дол няхай самі зваляцца!
А мая душа будзе ў Госпадзе весяліцца, будзе радавацца з помачы Яго.
А мая душа будзе весяліцца ў Госпадзе: будзе радавацца з вызваленьня Яго.
Скажуць усе косткі мае: Госпадзе, хто падобны да Цябе, Які ратуеш слабога ад дужога, беднага й убогага ад абдзіралы?
Усе косьці мае скажуць: “Госпадзе, хто падобны да Цябе, які ўвальняеш слабога ад наймацнейшага і бедака ад абдзіралы?”.
Выступаюць супраць мяне сьведкі фальшывыя: чаго ня ведаю, аб тым выпытваюць мяне;
Паўсталі фальшывыя сьведкі: пытаюць мяне аб тым, чаго я ня ведаю.
плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.
Аддаюць мне зло за дабро: жыцьцё маё асталося пустое (асірацела душа мая).(а)
А я-ж падчас іх хваробы апранаўся ў шаты жалобныя, пастом марыў сябе, і малітва мая варачалася да сэрца майго.
А я падчас іхняе хваробы апрануўся ў жалобу і марыў сябе пастом, а малітва мая трывала ўнутры.
Быццам то быў друг мне, брат мне, хадзіў я сумны, апусьціўшы галаву, як той, што плача па матцы.
Як бы па прыяцелю ці па брату хадзіў я сумны, Як бы ў жалобе па матцы, засмучаны і пахіляны.
Калі-ж я спаткнуўся, яны ўсьцешыліся ды грамадой сабраліся супраць мяне. Зграмаджаюцца супраць мяне чужыя, каго я ня ведаю, і зьняважаюць мяне бязупынна;
Калі ж я захістаўся, яны сьмяяліся, — зьбегліся — сабраліся супраць мяне. Чужыя, які я ня ведаю, турбавалі мяне зь вялікім крыкам.
разам з крывадушнымі насьмешнікамі, скрыгочуць яны нада мною зубамі.
Зьдзекаваліся, зневажаючы насьмешкамі і крыгочучы на мяне зубамі.
О, Госпадзе, як доўга будзеш углядацца? Адвядзі ад рыканьня іх душу маю, адзінокую маю — ад львят маладых!
О, Госпадзе! Дакуль будзеш прыглядацца? Адвядзі ад іх рыканьня душу маю, ад львоў — адзіную маю!
Славіць Цябе буду ў зграмаджэньні вялікім; сярод чысьленага народу хваліць Цябе буду,
Славіць Цябе буду ў вялікай грамадзе: сярод безьлічы народу хваліць Цябе буду.
каб не пацяшаліся нада мною тыя, што бяз віны маёй сталіся ворагамі мне; каб ня міргалі вачмі між сабою тыя, што бяз прычыны ненавідзяць мяне.
Каб не маглі пацяшацца нада мною мае ворагі, каб ня міргалі вачыма тыя, хто бяз прычыны брыдзяцца мною.
Бо не аб супакоі гавораць яны, але проці ціхіх зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
Бо гамоняць між сабою аб супакою, але супраць ціхіх на зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
Шырака разявіўшы ляпы свае супраць мяне, яны крычэлі: Добра! Добра! Бачыла нашае вока!
Шырака разявіўшы ляпы свае, яны крычалі: “Гэй — гэй! Бачыла нашае вока”.
Ты бачыў гэта, Госпадзе! Дык не маўчы! Госпадзе, ня цурайся мяне!
Ты бачыў, Госпадзе! Не маўчы, Госпадзе, ня будзь ад мяне далёка.
Збудзіся! Але, збудзіся на суд, Госпадзе Божа мой, каб вясьці маю справу!
Прабудзіся! Устань, Госпадзе Божа мой, каб бараніць мяне у справе маей.
Судзі мяне паводле справядлівасьці Тваёй, Госпадзе Божа мой, каб ня былі яны нада мной пераможцамі,
Судзі мяне паводле тваей справядлівасьці, Госпадзе, Божа мой, каб нада мной ня збыткаваліся!
каб не казалі ў сэрцы сваім: Добра! Мы гэтак хацелі! Няхай не гавораць: Гэта мы загубілі яго!
Каб не казалі ў сэрцы сваім: “Гэй — гэй!” (мы гэтак хацелі). Каб не гаварылі: “Мы яго праглынулі”.
Няхай асаромлены будуць, няхай расчаруюцца ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай ганьбай і сорамам тыя акрыюцца, што нада мной вывышшаюцца.
Няхай асаромяцца і заўстыдзяцца усе разам, што цешацца з майго няшчасьця. Няхай акрыюцца ганьбай і пагардай тыя, што ўзвышаюцца нада мною!
Хай весяляцца й радуюцца тыя, што для мяне справядлівасьці хочуць ды няўстанна гавораць: Вялік Госпад, Які для раба Свайго жадае спакою!
Няхай сьмяюцца і радуюцца тыя, якія цешацца з маей справядлівасьці і тыя, што бязупынна гавораць: “Вялікі Госпад, Які цешыцца супакоем слугі свайго!”.
І будзе язык мой хваліць справядлівасьць Тваю і славу Тваю кожын дзень.
І язык мой будзе прапаведываць справядлівасьць тваю — кожны дзень — праўду тваю.