Псалтыр 106 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Альлілуя!Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
 
Алелюя! Аддайце падзяку Госпаду, бо добры Ён, бо любоу Яго — вечная.

Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
 
Хто выскажа подзьвігі Госпада, абвесьціць усю славу ягоную?

Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
 
Шчасьлівыя тыя, што захоўваюць права, якія увесь час чыняць спр-васьць.

Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
 
Успомні аба мне, госпадзе, праз любоў да народу твайго! Адведай мяне успамогай тваей,

каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
 
Каб мне убачыць шчасьце выбранцаў тваіх, цешыцца радасьцяй народу твайго, каб хваліцца спадчынай тваей.

Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
 
Саграшылі мы з бацькамі нашымі, правініліся і тварылі беззаконьне.

Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
 
Бацькі нашы ў Эгіпце не зразумелі цудаў тваіх, ня помнілі аб тваей вялікай любові; але бунтаваліся супраць Усявышняга ля Чырвонага мора.

Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
 
Але Ён выбавіў іх дзеля Імяні твайго, каб аб’явіць сваю магутнасьць.

Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
 
Ён пагразіў Чырвонаму мору і яно высахла і правёў іх праз бяздоньне як праз пустыню.

І вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
 
І вырваў іх з рукі ворага, іх вызваліў з рукі праціўніка.

Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
 
Воды пакрылі праціўнікаў іхніх: ні адзін зь іх ня вымкнуўся.

Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
 
І яны паверылі словам ягоным і сьпявалі хвалу Яму,

але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
 
Хутка забыліся аб дзеяньнях Яго, — не чакалі прысуду Яго.

Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
 
І запалалі яны жадобай у пустыні і спакушалі Бога на пустэчы.

І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
 
І здаволіў іх жаданьне, але наслаў на іх душы ліхаманку.

І пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
 
І пазайздросьцілі Майсею у лагеры. і Аарону, сьвятому Гасподняму.

Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
 
Расступілася зямля і праглынула Датана ды пакрыла банду Абірама.

і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
 
Запалаў агонь пад іхняю бандай і полымя спаліла нягоднікаў.

Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
 
Яны зрабілі цялётка пад Харыбам і пакланяліся перад ідалам ніцма.

і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
 
І замянілі славу сваю на абраз быка, што есьць траву.

Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
 
Яны забылі Бога, збавіцеля свайго, Які вялікія справы учыніў у Эгіпце,

цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
 
Дзіўныя учынкі у зямлі Хама, страшныя — на моры Чырвоным.

Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
 
Дык загаманіў, што выгубіць, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, які стануў ля прорвы перад Ім, каб адхіліца запальчывасьць Яго ад зьнішчэньня іх.

Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
 
І узгардзілі пажаданай зямлею, не паверылі яны Ягонаму слову.

Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
 
І наракалі у палатках сваіх, ня слухалі голасу Госпада.

Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
 
Дык падняў Ён руку сваю над імі, прысягнуў, каб іх пакласьці ў пустыні —

і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
 
І што іхняе патомства расцярушыць між паганаў і рассыпаць іх па земях.

Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
 
Яны прыляпіліся да Бааль-Пэгора і спажывалі ахвяры мёртвых,

ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
 
Абуралі Яго паступалі сваімі і напаў на іх мор (зараза).

Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
 
Дык падняўся Пінхас і расправіўся і тады мор прыпыніўся.

І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
 
І залічана гэта яму за праведнасьць з роду ды ў род, навекі.

Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
 
І раздражнілі Яго ля водаў Мэрыба і праз іхні грэх зло пала на Майсея.

Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
 
Бо гэтак дадзелі ягонаму духу, што неразважна гаманіў вуснамі сваімі.

Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
 
Яны ня зьнішчылі тых народаў, аб якіх ім Госпад загадаў,

а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
 
Яны зьмяшаліся з паганамі і навучыліся іхніх учынкаў.

і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
 
І служылі іхнім ідалам, што сталіся ім як-бы пасткай

бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
 
І прынасілі сваіх сынаў і дачок у ахвяру дэманам.

і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
 
Яны пралівалі нявінную кроў — кроў сыноў і дачок сваіх, якіх прыносілі у ахвяру ханаанскім ідалам і зямля ад крыві апаганілася.

І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
 
Яны самі апаганіліся сваімі учынкамі, паблудзілі паступкамі сваімі.

І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
 
І узгарэўся гнеў Госпада на народ ягоны і абрыдла Яму спадчына ягона,

І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
 
І выдаў іх у рукі паганаў і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.

І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
 
Іхнія ворагі былі іхнімі тыранамі і яны спакарыліся пад чужую руку.

Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
 
Вельмі Шмат разоў Ён іх выбаўляў, але яны дражнілі Яго у злосьці сваей і углыбляліся ў граху сваім.

І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
 
І Ён зважаў на іхняе гора тады, калі пачуў іхняе маленьне.

і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
 
І успамінаў на запавет свой зь імі і жалеў іх паводле вялікай сваей любові.

І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
 
Выбаві нас, Госпадзе, божа наш, зграмадзь на зпасярод паганаў, каб нам славіць тваё сьвятое Імя і нам славаю тваею хваліцца!

Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
 
Будзь Багаслаўлен Госпадзе, Божа Ізраіля, ад веку і да веку! І увесь народ скажа: Амін! Алелюя!

Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!