Псалтыр 106 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Альлілуя!Хвалеце Госпада, бо добры Ён, бо ласка Яго навекі.
Галілуя! Дзякуйце СПАДАРУ бо добры, бо на векі міласэрдзе Ягонае.
Хто выскажа магутнасьць Госпада, абвесьціць усю славу Ягоную?
Хто можа выказаць сілы СПАДАРОВЫ, даць пачуць усю хвалу Ягоную?
Шчасьлівыя тыя, што праўду захоўваюць і ў кожну часіну справядлівасьць чыняць.
Шчасьлівыя тыя, што дзяржаць суд і чыняць справядліва ў кажным часе.
Успамяні аба мне, о Госпадзе, праз ласкавасьць да народу Твайго! Адведай мяне з успамогай Сваёй,
Памятуй мяне, СПАДАРУ, із зычлівасьці да люду Свайго; даведайся да мяне спасеньням Сваім.
каб мне ўсьцешыцца дабрабытам выбранцаў Тваіх, каб мне радавацца радасьцяй народу Твайго, з Тваёй спадчынай разам хваліціся!
Каб пабачыць дабро абраных Тваіх, цешыцца зь весялосьці народу Твайго, хваліцца спадкам Тваім.
Саграшылі мы ды з бацькамі нашымі, правініліся й беззаконьне чынілі.
Мы ізграшылі з бацькамі сваімі, дазвалялі сабе бяспраўе, нягодна рабілі.
Бацькі нашы ў Эгіпце ў цям не ўзялі цудаў Тваіх, ня помнілі ласк Тваіх множства ды проці Ўсявышняга паўставалі ля мора Чырвонага.
Айцове нашы ў Ягіпце ня ўцямілі чудосаў Тваіх, ня памятавалі множасьці ласкаў Тваіх, але наракалі ля мора, ля Чырвонага мора.
Але Ён дапамог ім дзеля іменьня Свайго, каб зьявіці магутнасьць Сваю.
Але Ён выбавіў іх дзеля імені Свайго, каб абясьціць магутнасьць Сваю.
Крыкнуў Ён мору Чырвонаму, і яно высахла; і правёў іх праз бяздоньне, як праз стэп.
Крыкнуў Ён на Чырвонае мора, і яно высахла; і правёў іх глыбінямі, як пустынёю;
І вырваў іх із рук ненавісьніка іхняга, і вйзваліў із рук ворага.
І выбавіў іх ад рукі ненавідзячага, і адкупіў іх ад рукі непрыяцеля;
Воды пакрылі перасьледавацеляў іхніх, і ніводзін із іх не астаўся.
І воды пакрылі варагоў іхных, ні воднага зь іх не засталося.
Ды хоць і паверылі словам Ягоным і пяялі хвалу Яму,
Тады яны паверылі словам Ягоным, яны пяялі славу Яму.
але хутка аб дзеяньнях Яго забыліся, не даждаліся прысуду Яго.
Яны борзда забыліся ўчынкі Ягоныя, не чакалі рады Ягонае;
Захапіла іх жадоба ў стэпох, пачалі Бога яны спакушаць у пустыні.
Але бязьмерна галіліся на пустыні й спакушалі Бога на пустыні.
І даў Ён ім, чаго зажадалі, але паслаў зьнемажэньне на іх.
І Ён даў ім, чаго яны прасілі, паслаў, адылі, высіленьне душы іхнай.
І пазайздросьцілі Майсею ў таборы, Аарону, сьвятому Гасподняму.
Таксама пазавідавалі Масею ў табару, Аарону, сьвятому СПАДАРОВАМУ.
Тады расступілася зямля й праглынула Датана ды пакрыла банду Авірамаву,
Раськяпілася зямля, і праглынула Дафана, і пакрыла груд Авірамоў;
і бухнуў агонь пад бандаю, і спаліла полымя бязбожнікаў.
І загарэлася цяпло ў грудзе іхным, і поламя спаліла нягодных.
Яны зрабілі цяля пад Харыбам і ніцма сукланіліся перад ідалам;
Зрабілі цяпло на Горыве й кланяліся літаму абразу;
і замянілі Славу сваю на абраз быка, што траву жарэ.
Значыцца, яны памянялі славу сваю на абраз вала, што есьць траву;
Яны Бога забылі, Збавіцеля свайго, Які вялікае ўчыніў у Эгіпце,
Забыліся Бога, Спаса свайго, Каторы ўчыніў вялікія рэчы ў Ягіпце,
цуды ў зямлі Хамавай, страшное ля мора Чырвонага.
Чудоўныя ўчынкі ў зямлі Хамовай, страшныя рэчы ля Чырвонага мора.
Дык хацёў Ён вынішчыць іх, калі-б не Майсей, выбранец Ягоны, што стануў у прорве прад Ім, каб ярасьць Яго ад зьнішчэньня іх адхіліць.
І сказаў, што маніўся зьнішчыць іх, калі б не Масей, абраны Ягоны, стаў у раськепіне перад Ім, каб адвярнуць гнеў Ягоны ад зьнішчэньня.
Пасьля адракліся ад зямлі пажаданае, не паверылі слову Ягонаму.
Нават яны пагрэбавалі зямлёю жаданаю, не паверылі слову Ягонаму;
Наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Госпада.
Але наракалі ў буданох сваіх, ня слухалі голасу СПАДАРОВАГА.
Дык падняў Ён руку Сваю, каб іх трупам пакласьці ў пустыні
І падняў Ён руку Сваю на іх, каб паваліць іх на пустыні,
і насеньне іх між паганаў расьцярушыць і рассыпаць іх па зямлі.
І паваліць насеньне іхнае ў народах, і насеньне іхнае па землях.
Яны прыляпіліся да Баал-Пэгора і елі ахвяры мёртвых
І спрагліся із Ваал-Пеорам, і елі аброкі мерцьвякоў,
ды абуралі Яго паступкамі сваімі, і тады на іх напаў мор.
І квялілі ўчынкамі сваімі, і выбух меж іх мор.
Дык паўстаў на суд Пінэас, і тады мор прыпыніўся.
Тады паўстаў Фінегас, і зрабіў суд, і мор запыніўся.
І залічана яму гэта за праведнасьць з роду ды ў род навекі.
І гэта далічана яму да справядлівасьці з пакаленьня да пакаленьня аж на векі.
Пасьля яны Бога ўгнявілі ля водаў Мэрыбскіх, і за іх пацярпеў Майсей.
І загнявілі таксама ля водаў Мерывы, і блага вышла Масею зь іх прычыны;
Бо гэтак дадзелі духу ягонаму, што неразважна гаварыў вуснамі сваімі.
Бо яны зьнемарасьцілі дух ягоны, ажно ён зяўнуў вуснамі сваімі.
Яны ня зьнішчылі народаў, як ім Госпад казаў,
Ня выгубілі народы, што да каторых СПАДАР расказаў ім;
а з паганамі зьмяшаліся ды спраў іхніх навучыліся
Але зьмяшаліся з паганамі й наўчыліся ўчынкаў іхных;
і ідалам іхнім служылі, што сеткай сталіся для іх,
Пачалі служыць балваном іхным, і яны сталі ім сецяй;
бо чартом у ахвяру сыноў і дачок сваіх прынасілі
Сыноў сваіх а дачкі свае абракалі нячысьцікам;
і пралівалі бязьвінную кроў, кроў сыноў і дачок сваіх, што ў ахвяру ідалам Канаанскім яны прынасілі, і зямля ад крыві апаганілася.
І разьлівалі нявінную кроў, кроў сыноў сваіх а дачок сваіх, каторых яны абракалі балваном Канаанскім, і сплюгавілася зямля крывёю.
І апаганілі сябе ўчынкамі сваімі, блуд рабілі паступкамі сваімі.
І сплюгавіліся справамі сваімі, і ўвыйшлі ў бязулства ўчынкамі сваімі.
І ўзгарэўся гнеў Госпада на народ Ягоны, абрыдла Яму спадчына Яго.
Затым запалаў СПАДАР гневам на люд Свой, ажно Ён брыдзіўся спадкам Сваім;
І аддаў іх у рукі паганаў, і запанавалі над імі тыя, што іх ненавідзелі.
І аддаў іх у рукі паган, і панавалі над імі ненавідзячыя іх.
І ўціскалі іх ворагі іх, і іх моцы яны пакарыліся.
Таксама непрыяцелі іхныя ўціскалі іх, і яны былі падданы пад руку іх.
Шмат разоў Ён іх выбаўляў, ды яны гнявілі Яго справамі сваімі й паніжаны бывалі за беззаконьне сваё.
Шмат разоў Ён вывальняў іх; але яны немарасьцілі Яго радамі сваімі, і скволелі бяспраўям сваім.
І ўсё-ж зважаў на іх гора, пачуўшы маленьне іх,
Ён абачыў гароту іхную, як пачуў галашэньне іхнае,
і ўспамінаў запавет Свой з імі, шкадаваў праз ласкавасьць Сваю вялікую.
І ўспомнеў змову Сваю зь імі, і пажалеў подле множасьці міласэрдзя Свайго;
І будзіў Ён спогад да іх у ўсіх, што іх паняволілі.
І дараваў іх спагадлівасьцяй тых, што ўзялі іх у палон.
Успамажы нас, Госпадзе, Божа наш, і зьбяры Ты нас разам ад гэтых паганаў, каб нам славіць сьвятое імя Тваё і славай Тваёю хваліцца!
Выбаў нас, СПАДАРУ, Божа наш, і зьбяры нас з памеж паган, каб дзякавалі сьвятому імені Твайму, хваліліся хвалою Тваёю.
Багаслаўлены Госпад, Бог Ізраілявы, ад веку й да векуі І няхай скажа ўсенькі народ: Амін! Альлілуя!
Дабраславёны СПАДАР, Бог Ізраеляў, ад веку і да веку! І няхай увесь люд скажа: «Амін!» Галілуя!