Псалтыр 32 псалом
Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча
Псальм Давідавы. Навука. Шчасьлівы, каму даравана беззаконьне, каму пакрыты грахі яго.
Давідава. Навука. Шчасьлівы, каму дараваны выступ, каму пакрыты грэх.
Шчасьлівы чалавек, якому не палічыць Госпад правіннасьцяў ягоных, і ў душы якога няма ілжы.
Шчасьлівы чалавек, катораму не паліча СПАДАР бяспраўя, і ў каторага духу няма ашукі.
Пакуль я маўчаў, сохлі косткі мае ад няўпыннага стагнаньня майго,
Як я маўчэў, зьвялі косьці мае, як стагнаў цэлы дзень;
бо дзень і ноч абцяжала мяне рука Твая; сокі мае павысахлі, быццам у летнюю сьпёку. (Зэля)
Бо дзень і ноч цяжарыла над імною рука Твая, абярнулася вогкасьць мая ў летны сухмень. Сэля.
Дык прызнаўся Табе ў граху маім і ня ўкрыў беззаконьня майго; я сказаў: Вызнаваю Госпаду праступкі мае! — і Ты дараваў мне віну грэху майго. (Зэля)
Свой грэх я вызнаў Табе, бяспраўя свайго ня прыкрыў: я сказаў: «Выспавядаюся з выступаў сваіх СПАДАРУ»; і Ты дараваў бяспраўе грэху майго. Сэля.
Дык няхай кожны пабожны моліцца да Цябе ў часе, калі Бог дае знайсьці Сябе; хаця-б і вялікія воды разьліліся, Яго не дасягнуць яны.
Затым памоліцца кажны дабрачэсьлівы Табе ў належную пару, і ў паводку вялікіх водаў яго не дасягнуць яны.
Ты — заслона мая! Ты мяне ад бяды захаваеш, радасьцяй спасеньня акружыш мяне. (Зэля)
Ты схоў імне; Ты бароніш мяне ад бяды, песьняю выбаўленьня Ты ахінаеш мяне. Сэля.
Навучу цябе й пакажу табе сьцежку, якой ты павінен ісьці, і дам табе раду, бо вока Маё над табою.
Я наўчу цябе і пакажу табе дарогу, па каторай маеш ісьці; Я буду радзіць табе Сваім вокам.
Ня будзьце, як коні ды мулы, што развагі ня маюць: вуздой і цуглямі ў шчэляпах трэ іх зануздаць, каб пакарыліся табе.
Ня будзьце, як конь альбо мул без разуменьня, абратаць а кілзаць надабе яго, каб удзяржаць яго, каб не дабліжыўся да цябе.
Бязбожніку шмат тугі выпадае, а хто спадзяецца на Госпада, таго Ён ласкай Сваёй агартае.
Шмат боляў у нягоднага; але таго, хто спадзяецца на СПАДАРА, ласка ахінець.
Радуйцеся ў Госпадзе і весяліцеся, пабожныя! Радуйцеся ўсе, шчырыя сэрцам!
Весяліцеся ў СПАДАРУ й цешчася, справядлівыя, і гукайце з радасьці, усі пасьцівага сэрца!