Псалтыр 7 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Лямант Давіда, што пяяў ён Госпаду з прычыны Куша, Бэніямінавага сына.
 
Шыґаён Давідаў, каторы ён пяяў СПАДАРУ ўзглядам Куша Веняміняніна.

Госпадзе, Божа мой! У Цябе я шукаю прыпынку! Спасі мяне ад усіх перасьледавацеляў маіх і вызваль мяне!
 
СПАДАРУ, Божа мой! у Табе я хаваюся; выбаў мяне ад усіх перасьледаваньнікаў маіх і вывальні мяне,

Хай ня возьме, бы леў, жыцьця майго і не разарве мяне, калі некаму ратаваці!
 
Каб ня ірваў, бы леў, душы мае, разрываў, і няма ратаваньніка.

Госпадзе, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі беззаконьне да рук маіх прыляпілася,
 
СПАДАРУ, Божа мой! калі зрабіў я гэта, малі ё бяспраўе ў руках маіх,

калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, ды не ратаваў таго, хто чапаў мяне бяз прычыны, —
 
Калі я плаціў ліхам зычліваму свайму альбо глабаў уцісканьніка свайго бяз дай прычыны, —

тады няхай гоніць вораг мяне і дагоніць, хай жыцьцё маё ўтопча ў зямлю і чэсьць маю кіне ў пыл! (Зэля)
 
Хай жанець непрыяцель душу маю, і дажанець мяне, і хай утопча ў зямлю жыцьцё мае, і хай аселе славу маю ў пыле. Сэля.

Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім! Узьніміся проці лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, што Ты запаведаў!
 
Паўстань, СПАДАРУ, у гневе Сваім, узьніміся супроці злосьці непрыяцеляў маіх, прачхніся дзеля мяне на суд, прызначаны табою.

Няхай зграмадзяцца народы навакол Цябе; Ты засядзь над імі на высачыні.
 
І збор людаў абступе Цябе, і над ім на вышыню зьвярніся.

Госпад судзіць народы. Судзі-ж мяне. Госпадзе, паводле справядлівасьці маёй і паводле нявіннасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!
 
СПАДАР судзе люды. Судзі мяне, СПАДАРУ, подле справядлівасьці мае й подле нявіннасьці, што ў імне.

Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожных, — Ты, што выспрабовуеш сэрцы й нутро, Божа Справядлівы!
 
Няхай жа скончыцца злосьць нягодных, але ўмацуй справядлівага, Ты, Каторы прабуеш сэрца й ныркі, Божа справядлівы!

Трымае шчыт мой Той, хто шчырых сэрцам ратуе.
 
Спадзева мая на Бога, Каторы выбаўляе шчырых сэрцам.

Бог ёсьць Судзьдзя Справядлівы і Бог, што строга што-дня зыскуе.
 
Бог — судзьдзя справядлівы, і Бог абураецца кажны дзень,

Калі не наварачываюцца, ён вострыць свой меч, ужо нацягнуў Ён Свой лук і мае напагатове
 
Калі хто не наварачаецца. Бог найстра Свой меч, лук Свой Ён напінае а гатуе;

ды кладзе на яго прылады сьмерці: стрэлы Свае Ён робіць палючымі.
 
І яму прыгатаваў снадзі сьмерці, стрэлы перасьледаваньнікам Сваім робе.

Вось, ліхое бязбожнік зачаў, цяжарны злом ходзіць і здраду спародзіць.
 
Вось, ён пачынае ліха, і цяжарны крыўдаю, і родзе ману.

Яму капаў ён і выкапаў, але сам уваліцца ў дол, што зрабіў.
 
Яму капаў, і выкапаў яе, і ўваліўся ў дол, каторы зрабіў.

Ліха, якое надумаў, спадзе на галаву яму, і на цемя ягонае зваліцца беззаконьне яго.
 
Хай абернецца злосьць ягоная на галаву ягоную, і на цемя ягонае глабаньне ягонае хай зыйдзе.

Дзякую Госпаду за суд справядлівы і хвалу пяю іменьню Госпада Найвышэйшага.
 
Я слаўлю СПАДАРА подле справядлівасьці Ягонае і пяю імені СПАДАРА Навышняга.