Псалтыр 7 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Лямант Давіда, які засьпяваў ён ГОСПАДУ з прычыны Куша, сына Бэн’яміна.
 
Шыґаён Давідаў, каторы ён пяяў СПАДАРУ ўзглядам Куша Веняміняніна.

ГОСПАДЗЕ, Божа мой! У Табе маю надзею! Збаў мяне ад усіх перасьледвальнікаў маіх і вызваль мяне,
 
СПАДАРУ, Божа мой! у Табе я хаваюся; выбаў мяне ад усіх перасьледаваньнікаў маіх і вывальні мяне,

каб ня ўзяў, быццам леў, душы маёй і не разарваў мяне, калі няма каму ратаваць!
 
Каб ня ірваў, бы леў, душы мае, разрываў, і няма ратаваньніка.

ГОСПАДЗЕ, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі ёсьць беззаконьне ў руках маіх,
 
СПАДАРУ, Божа мой! калі зрабіў я гэта, малі ё бяспраўе ў руках маіх,

калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, і не ратаваў таго, хто ўціскаў мяне без прычыны,
 
Калі я плаціў ліхам зычліваму свайму альбо глабаў уцісканьніка свайго бяз дай прычыны, —

тады няхай перасьледуе вораг душу маю і дагоніць, няхай утопча ў зямлю жыцьцё маё і славу маю кіне ў пыл! (Сэлях)
 
Хай жанець непрыяцель душу маю, і дажанець мяне, і хай утопча ў зямлю жыцьцё мае, і хай аселе славу маю ў пыле. Сэля.

Паўстань, ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім! Узьніміся супраць лютасьці тых, якія ўціскаюць мяне! Збудзіся, Божа мой, на суд, які Ты прызначыў!
 
Паўстань, СПАДАРУ, у гневе Сваім, узьніміся супроці злосьці непрыяцеляў маіх, прачхніся дзеля мяне на суд, прызначаны табою.

І зьбярэцца сход народаў вакол Цябе, і Ты зьвернешся да іх з вышыні.
 
І збор людаў абступе Цябе, і над ім на вышыню зьвярніся.

ГОСПАДЗЕ, асудзі народы. Судзі мяне, ГОСПАДЗЕ, паводле праведнасьці маёй і паводле беззаганнасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!
 
СПАДАР судзе люды. Судзі мяне, СПАДАРУ, подле справядлівасьці мае й подле нявіннасьці, што ў імне.

Няхай счэзьне ліхота бязбожнікаў, але ўмацуй праведнага Ты, Які выспрабоўваеш сэрцы і ныркі, Божа Праведны!
 
Няхай жа скончыцца злосьць нягодных, але ўмацуй справядлівага, Ты, Каторы прабуеш сэрца й ныркі, Божа справядлівы!

Шчыт мой у Бога, Які збаўляе шчырых сэрцам,
 
Спадзева мая на Бога, Каторы выбаўляе шчырых сэрцам.

у Бога, Які судзіць праведнага, і ў Бога, Які гневаецца штодзень [на бязбожніка].
 
Бог — судзьдзя справядлівы, і Бог абураецца кажны дзень,

Калі той не навернецца, Ён вострыць меч Свой, нацягнуў лук Свой і падрыхтаваў,
 
Калі хто не наварачаецца. Бог найстра Свой меч, лук Свой Ён напінае а гатуе;

і паклаў на яго прылады сьмерці, стрэлы Свае Ён робіць распаленымі.
 
І яму прыгатаваў снадзі сьмерці, стрэлы перасьледаваньнікам Сваім робе.

Вось, [бязбожнік] зачаў злачынства, і цяжарны ліхоцьцем, і народзіць хлусьню.
 
Вось, ён пачынае ліха, і цяжарны крыўдаю, і родзе ману.

Яму капаў ён і выкапаў, і сам уваліцца ў дол, які зрабіў.
 
Яму капаў, і выкапаў яе, і ўваліўся ў дол, каторы зрабіў.

Ліхоцьце зьвернецца на галаву ягоную, і на цемя ягонае зыйдзе няправасьць ягоная.
 
Хай абернецца злосьць ягоная на галаву ягоную, і на цемя ягонае глабаньне ягонае хай зыйдзе.

Буду славіць ГОСПАДА паводле праведнасьці Ягонай і выслаўляць імя ГОСПАДА Найвышэйшага.
 
Я слаўлю СПАДАРА подле справядлівасьці Ягонае і пяю імені СПАДАРА Навышняга.