Псалтыр 89 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Навучаньне Этана Эзрахі.
Навука Ефана Езрагіта.
Пра міласэрнасьць ГОСПАДА буду сьпяваць вечна; з пакаленьня ў пакаленьне буду апавядаць пра вернасьць Тваю вуснамі маімі.
Ласкі СПАДАРОВЫ буду апяваць на векі, ад пакаленьня да пакаленьня буду агалашаць вернасьць СПАДАРОВУ вуснамі сваімі;
Бо я сказаў: «Навечна збудаваная міласэрнасьць, на нябёсах Ты ўгрунтаваў вернасьць Тваю».
Бо я сказаў: «Навекі будзе збудавана ласка Твая, нябёсы — Ты ўстановіш вернасьць Сваю ў іх»;
«Я заключыў запавет Мой з выбранцам Маім, прысягнуў Давіду, слузе Майму:
«Я ўчыніў змову з абраным Сваім, прысягнуў Давіду, слузе свайму:
“На вякі ўгрунтую насеньне тваё, збудую пасад твой з пакаленьня ў пакаленьне”». (Сэлях)
Навекі ўстанаўлю насеньне твае і збудую з роду да роду пасад твой». Сэля.
І нябёсы славяць цуды Твае, ГОСПАДЗЕ, і вернасьць Тваю — у царкве сьвятых.
І выхваляць нябёсы чуда Твае, СПАДАРУ; таксама вернасьць Тваю ў грамадзе сьвятых;
Бо хто параўнаецца ў аблоках з ГОСПАДАМ? Хто падобны да ГОСПАДА сярод сыноў Божых?
Бо хто на небе можа раўнавацца да Цябе, СПАДАРУ? хто памеж сыноў дужасілаў можа быць падобны да СПАДАРА?
Бог гэтак страшлівы на нарадзе сьвятых, і страшны для ўсіх, што вакол Яго.
Бог вельма страшны ў тайнай радзе сьвятых і грозны над усімі, што абступаюць Яго.
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, хто гэтакі моцны, як Ты, ГОСПАДЗЕ? І вернасьць Твая навакол Цябе.
СПАДАРУ, Божа войскаў! хто падобны да Цябе, магучы ЯГ? І вернасьць Твая новокал Цябе.
Ты пануеш над узьнёсласьцю мора, і калі хвалі ўздымаюцца, Ты іх сьцішаеш.
Ты радзіш шал мора; як хвалі яго ўзьнімаюцца, Ты сьцішаеш іх.
Ты скрышыў Рагава, быццам параненага; рамяном моцы Тваёй Ты раскідаў ворагаў Тваіх.
Ты паламіў Рагава, як забітага; магутным плячом Сваім Ты расьцярушыў непрыяцеляў Сваіх.
Тваё ёсьць неба, і Твая — зямля; сусьвет і ўсё, што ў ім, Ты заснаваў.
Нябёсы Твае, зямля таксама Твая; сьвет а паўніня яго, Ты заклаў іх;
Поўнач і поўдзень — Ты іх стварыў; Табор і Гермон радуюцца дзеля імя Твайго.
Поўнач і паўдня Ты стварыў; Табор а Гэрмон пяюць праз імя Твае.
Рамяно Тваё магутнае; рука Твая дужая, узьнятая правіца Твая.
У Цябе дужое плячо, дужая рука Твая, высокая правіца Твая.
Праведнасьць і суд — падставы пасаду Твайго; міласэрнасьць і праўда ідуць перад абліччам Тваім.
Справядлівасьць а суд подам пасаду Твайго; ласка а праўда пярэймуць відзеньне Твае.
Шчасьлівы народ, які ведае трубны голас Твой. ГОСПАДЗЕ, яны ходзяць у сьвятле аблічча Твайго!
Дабраславёны люд, каторы знае гук; СПАДАРУ! у сьвятліні віду Твайго яны ходзяць;
У іменьні Тваім будуць радавацца яны ўвесь дзень, і праведнасьцю Тваёй будуць узвышаны.
Зь імені Твайго будуць цешыцца ўвесь дзень і справядлівасьцяй Тваёй вывышацца;
Бо Ты — краса сілы іхняй, і праз ласку Тваю ўзьняты рог наш.
Бо харашыня сілы іхнае Ты, і зычлівасьцяй Тваёй узьнімаецца рог наш;
Бо ад ГОСПАДА шчыт наш, і ад Сьвятога Ізраіля валадар наш.
Бо да СПАДАРА належа шчыт наш, і сьвяты Ізраеля — Кароль наш.
Тады, гаворачы ў відзежы да багабойнага Твайго, Ты сказаў: «Я даў успамогу волату, узвысіў юнака з народу.
Тады Ты гукаў у відзені да дабрачэсьлівага Свайго і сказаў: «Я даў памогу дужасілу, Я ўзьняў абранага зь люду.
Знайшоў Я Давіда, слугу Майго, сьвятым алеем Маім памазаў яго.
Я знашоў Давіда, слугу Свайго; сьвятым алеям Сваім Я памазаў яго,
Рука Мая ўмацуе яго, і рамяно Маё ўзмоцніць яго.
З каторым рука Мая будзе ўмацавана, і плячо Мае будзе мацніць яго.
Не пераможа вораг яго, і сын беззаконьня не асіліць яго.
Непрыяцель ня будзе абдзіраць яго, ані сын нягоднасьці ўціскаць яго.
І Я скрышу перад абліччам ягоным тых, што прыгнятаюць яго, а тых, што ненавідзяць яго, павалю.
І Я скрышу перад відам ягоным уцісканьнікаў яго і ненавідзячых яго паражу.
І будзе вернасьць Мая і міласэрнасьць Мая з ім, і ў імя Маё ўзьнясецца рог ягоны.
І вернасьць Мая, і ласка Мая зь ім, імям Маім узьнімаецца рог ягоны.
І Я палажу руку ягоную на мора, а правіцу ягоную — на рэкі.
Палажу руку ягоную таксама на мора і на рэкі правіцу ягоную.
Ён будзе клікаць Мяне: “Ты — Айцец Мой, Ты — Бог мой і скала збаўленьня майго!”
Ён будзе гукаць да Мяне: "Ты айцец мой, Бог мой а скала спасеньня майго".
Я зраблю яго першародным, найвышэйшым між валадароў зямлі.
Таксама Я ўчыню яго першаком, вышшым за каралёў зямлі.
На вякі захоўваючы, захаваю для яго міласэрнасьць Маю, і запавет Мой з ім будзе верным.
Заўсёды буду заховаваць ласку Сваю да яго, змова Мая будзе верная яму.
І Я зраблю, што насеньне ягонае будзе трываць вечна, і пасад ягоны — як дні нябёсаў.
І пастанаўлю на векі насеньне ягонае і пасад ягоны, як дні неба.
Калі сыны ягоныя пакінуць Закон Мой і ня будуць хадзіць паводле судоў Маіх,
Калі сынове ягоныя пакінуць права Мае і ў судох Маіх ня будуць хадзіць;
калі парушаць пастановы Мае і прыказаньняў Маіх ня будуць захоўваць,
Калі яны збудзеняць уставы Мае й расказаньняў Маіх ня будуць дзяржаць,
Я наведаю правіны іхнія з кіем, і беззаконьні іхнія — з пакараньнямі,
Тады даведаюся з розкаю да выступу іхнага і з вытнямі да бяспраўя іхнага;
але міласэрнасьці Маёй не забяру ў яго, і вернасьці Маёй ня здраджу.
Але ласкі Свае да яго ня ўзрушу ані буду хвальшаваць узглядам вернасьці Свае;
Не парушу Я запавету Майго і таго, што выйшла з вуснаў Маіх, не зьмяню.
Ня збудзеню змовы Свае і таго, што вышла з вуснаў Маіх, не зьмяню.
Я пакляўся [адзін] раз у сьвятасьці Маёй, што не схлушу Давіду.
Аднойчы Я прысягнуў у сьвятасьці Сваёй, што Давіду не зманю.
Насеньне ягонае будзе на вякі, і пасад ягоны — як сонца перада Мною.
Насеньне ягонае на векі будзе, і пасад ягоны, як сонца, перад Імною;
Як месяц будзе ўмацаваны ён на вякі, а сьведка ў небе — верны». (Сэлях)
Як месяц, ён устаноўлены на векі, і верны сьветка на небе». Сэля.
Але Ты пакінуў і пагрэбаваў, адвярнуўся ад памазанца Твайго!
Але Ты пакінуў а брыдзіўся, быў гнеўны на памазанца Свайго;
Ты пагардзіў запаветам са слугою Тваім, кінуў на зямлю дыядэму ягоную.
Адкінуў змову із слугою Сваім, збудзеніў карону ягоную, кідаючы яе на зямлю;
Ты збурыў усе загарадкі ягоныя, прывёў загубу ў замкі ягоныя.
Паламіў усі агарожы ягоныя, разьвярнуў гарады ягоныя.
Усе, што праходзілі дарогаю, рабавалі яго; ён стаўся ганьбаю для суседзяў сваіх.
Глабаюць яго ўсі праходзячыя дарогаю, ён стаўся на зьдзек у суседзяў сваіх.
Ты ўзьняў правіцы тых, якія перасьледавалі яго, і ўзрадаваў усіх ворагаў ягоных.
Ты ўзвышыў правіцу ўцісканьнікаў ягоных, пацешыў усіх непрыяцеляў ягоных;
Ты назад павярнуў джала мяча ягонага і ня даў перамогі ў вайне,
Ты таксама абярнуў лязо мяча ягонага й не дзяржаў яго ў бітве;
Ты прыбраў бляск ягоны і пасад ягоны паваліў на зямлю.
Ты суняў бліск ягоны й пасад ягоны на зямлю ськінуў;
Ты скараціў дні маладосьці ягонай, ганьбай пакрыў яго. (Сэлях)
Скараціў дні маладосьці ягонае, пахрыў яго няславаю. Сэля.
Як доўга, ГОСПАДЗЕ? Ці назаўсёды Ты будзеш хавацца? Ці будзе палаць, як агонь, ярасьць Твая?
Пакуль, СПАДАРУ, ці будзеш хавацца назаўсёды, будзе гарэць, бы цяпло, гнеў твой?
Узгадай, які век мой, якой марнасьцю Ты стварыў усіх сыноў чалавечых!
Успомні, што я, які век, нашто ўчыніў дарма ўсіх сыноў людзкіх?
Хто з людзей можа жыць і ня ўгледзіць сьмерці? Хто выбавіць душу сваю з рукі пекла? (Сэлях)
Якая людзіна жывець і не абача сьмерці, выбаве душу сваю ад рукі шэолю? Сэля.
Дзе, Госпадзе, даўнейшая міласэрнасьць Твая, як Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Тваёй!
Ідзе ласкі Твае першыя, Спадару, каторымі Ты прысягаў Давіду ў вернасьці Сваёй?
Узгадай, Госпадзе, ганьбу слугаў Тваіх, што ў нутры я нашу ад усіх народаў шматлікіх,
Успомні, Спадару, зьдзек із слугаў Сваіх, каторы я нашу ў грудзёх сваіх ад усіх дужых людаў,
якою зьневажаюць ворагі Твае, ГОСПАДЗЕ, якой зьневажаюць сьляды памазанца Твайго!
Каторым зьдзекаваліся непрыяцелі Твае, СПАДАРУ, каторым яны зьдзекаваліся ізь сьлядоў памазанца Твайго.
Няхай будзе дабраслаўлёны ГОСПАД на вякі. Амэн! Амэн!
Дабраславёны СПАДАР на векі. Амін а амін.