Псалтыр 25 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Давіда. Да Цябе, ГОСПАДЗЕ, узьнімаю я душу маю.
Давідава. Да Цябе, СПАДАРУ ўзьнімаю душу сваю.
Божа мой! На Цябе спадзяюся; ня дай мне быць асаромленым, ня дай ворагам маім быць нада мной пераможцамі.
Божа мой! на Цябе я спадзяюся, няхай ня буду засаромлены, няхай непрыяцелі мае не захапляюцца з радасьці зь мяне.
Бо ўсе, якія на Цябе спадзяюцца, ня будуць асаромленыя. Будуць асаромлены тыя, якія адступаюцца без прычыны.
І ўсі, што спадзяюцца на Цябе, ня будуць засаромлены; будуць засаромленыя тыя, што бяз прычыны ізрадныя.
ГОСПАДЗЕ, дай мне ведаць шляхі Твае, навучы мяне сьцежкам Тваім.
Дарогі Свае, СПАДАРУ, азнаймі імне; сьцежкаў Сваіх наўчы мяне.
Вядзі мяне ў праўдзе Тваёй і навучы, бо Ты — Бог збаўленьня майго, на Цябе спадзяюся ў-ва ўсякі дзень.
Вядзі мяне ў праўдзе Сваёй і наўчы мяне; бо Ты Бог спасеньня майго, на Цябе я спадзяюся ўвесь дзень.
Узгадай пра літасьць Тваю, ГОСПАДЗЕ, і пра міласэрнасьць Тваю, бо яны — ад вякоў.
Памятуй міласэрдзе Свае, СПАДАРУ, і ласку Сваю, бо спрадвеку яны.
Пра грахі маладосьці маёй і пра правіны мае ня ўзгадвай. Паводле міласэрнасьці Тваёй Ты ўзгадай пра мяне, дзеля добрасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ!
Грахоў маладосьці мае і выступаў маіх не ўспамінай; подле міласэрдзя Свайго ўспомні мяне Ты, дзеля дабрыні Свае, СПАДАРУ!
ГОСПАД добры і справядлівы, таму Ён будзе навучаць шляху [Свайму] грэшнікаў.
Добры а верны СПАДАР; і затым наўчае грэшнікаў у дарозе;
Ён прывядзе ўцісканых на суд і навучыць уцісканых шляху Свайму.
Водзе лагодных у судзе і наўчае лагодных дарогі Свае.
Усе сьцежкі ГОСПАДА — міласэрнасьць і праўда для тых, якія захоўваюць запавет Ягоны і сьведчаньні Ягоныя.
Усі дарогі СПАДАРОВЫ — ласка а праўда тым, што дзяржаць змову Ягоную а сьветчаньні Ягоныя.
Дзеля імя Твайго, ГОСПАДЗЕ, даруй мне беззаконьне маё, бо надта яно вялікае!
Дзеля імені Свайго, СПАДАРУ, даруй бяспраўе мае, бо яно вялікае.
Хто той чалавек, які баіцца ГОСПАДА? Яго Ён навучыць шляху, які [трэба] выбраць яму.
Хто тый муж, што баіцца СПАДАРА? Ён наўчае ў дарозе, што яму абраць.
Душа ягоная будзе жыць у добрым, і насеньне ягонае зямлю ў спадчыну возьме.
Душа ягоная ў дабру будзе перабываць, і насеньню ягонаму спадзець зямля.
Таямніца ГОСПАДА з тымі, што баяцца Яго, і запавет Свой Ён дае ім ведаць.
Тайна СПАДАРОВА тым, што баяцца Яго, і змову Сваю Ён азнаймляе ім.
Вочы мае заўсёды [глядзяць] на ГОСПАДА, бо Ён выцягне з сеткі ногі мае.
Вочы мае штачасна да СПАДАРА, бо Ён выблытае ізь сеці ногі мае.
Павярніся да мяне і зьлітуйся нада мною, бо я — самотны і прыгнечаны.
Абярніся да мяне й зьмілуйся над імною, бо я адзінокі а гаротны.
Трывогі сэрца майго пашырыліся, выцягні мяне з бедаў маіх!
Гарота сэрца майго пашырылася, — з уціскаў маіх вывядзі мяне.
Глянь на пакуты мае і нядолю маю, і даруй мне ўсе грахі мае!
Зваж на гора мае а стому маю і даруй усі грахі мае.
Глянь на ворагаў маіх, бо шмат іх, і нянавісьцю злачыннаю яны ненавідзяць мяне.
Глянь на непрыяцеляў маіх, бо іх шмат, і глабальнаю ненавіднасьцю ненавідзяць яны мяне.
Захавай душу маю і выратуй мяне, каб ня быў я асаромлены, бо я ў Табе маю надзею.
Усьцеражы душу маю, і вывальні мяне; няхай ня буду паганьбены, бо я здаюся на Цябе.
Беззаганнасьць і праведнасьць няхай захаваюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
Беззаганнасьць а пасьцівасьць хай крыюць мяне, бо я на Цябе спадзяюся.
Божа, збаў Ізраіля ад усіх трывогаў ягоных!
Выкупі, Божа, Ізраеля з усіх бедаў ягоных.