Псалтыр 5 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору: на флейтах. Псальм Давіда.
 
Кіраўніку хору, на флейтах. Псальма Давідава.

Прыхілі вуха да словаў маіх, ГОСПАДЗЕ, зваж на ўздыханьне маё.
 
Нахіні вуха, СПАДАРУ, да словаў маіх, разглядай размышляньне мае.

Выслухай голас крыку майго, Валадару мой і Божа мой, бо я да Цябе малюся.
 
Прыслухайся да голасу галашэньня майго, Каролю мой а Божа мой, бо да Цябе малюся.

ГОСПАДЗЕ, раніцаю пачуй голас мой; на досьвітку стану перад Табою і буду ўглядацца.
 
СПАДАРУ, нараніцы Ты чуеш голас мой; нараніцы я прыгатуюся да Цябе й буду выглядаць;

Бо Ты — Бог, Якому недаспадобы няправасьць; злыдзень ня будзе жыць пры Табе!
 
Бо Бог, каторы ня любуецца ў ліху, ё Ты; ліха ня жывець у Цябе.

Тыя, што хваляцца сабою, ня будуць стаяць перад вачыма Тваімі, Ты ненавідзіш усіх злачынцаў.
 
Ня стануць хвалькі перад ачыма Тваімі; Ты ненавідзіш усіх ліхадзеяў.

Ты зьнішчаеш хлусьлівых; крыважэрнымі і падступнымі брыдзіцца ГОСПАД.
 
Ты губіш гукаючых ману; крыві а ізрадлівасьці брыдзіцца СПАДАР.

А я праз вялікую міласэрнасьць Тваю ўвайду ў Дом Твой, і ў страху Тваім пакланюся ў Сьвятыні сьвятасьці Тваёй.
 
А я ў множасьці ласкі Твае ўвыйду ў дом Твой, пакланюся ў кірунку сьвятыні сьвятасьці Твае ў боязьні Тваёй.

ГОСПАДЗЕ, вядзі мяне ў праведнасьці Тваёй; насупраць ворагам маім выпрастуй шлях Твой перад абліччам маім.
 
СПАДАРУ, вядзі мяне ў справядлівасьці Сваёй з прычыны цікуючых на мяне; выпрастай перад імною дарогу Сваю;

Бо няма шчырасьці ў вуснах іхніх; нутро іхняе — распуста; горла іхняе — магіла адчыненая; языком сваім ашукваюць.
 
Бо нямаш у роце кажнага ізь іх вернасьці, нутр іхны — ліха, гроб адчынены — грытанка іхная, язык свой яны робяць гладкім.

Абвінаваць іх, Божа! Няхай загінуць яны ад намераў сваіх! За мноства правінаў іхніх адкінь Ты іх, бо яны збунтаваліся супраць Цябе.
 
Абвінуй іх, Божа! няхай яны загінуць ад сваіх замераў; за шмат выступаў іхных адхіні іх, бо яны збунтаваліся супроці Цябе.

І няхай радуюцца ўсе, якія ў Табе маюць надзею; няхай весяляцца навекі, бо Ты іх бароніш; і няхай узрадуюцца ў Табе тыя, якія любяць імя Тваё.
 
І ўзрадуюцца ўсі спадзяючыя на Цябе, вечна будуць весяліцца, і Ты будзеш крыць іх; і будуць захапляцца Табою любячыя імя Твае;

Бо Ты дабраслаўляеш праведнага, ГОСПАДЗЕ, і ўпадабаньнем Тваім, як шчытом, засланяеш яго.
 
Бо Ты, СПАДАРУ, дабраславіш справядлівых; як шчытам, акружаеш іх зычлівасьцяй.