Псалтыр 147 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры; выслаўляйце Бога нашага, бо прыемна гэта. Хвала належыць Яму!
 
Хваліце ЯГ, бо добра пяяць Богу нашаму, бо прыемна; хвала харошая.

ГОСПАД будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
 
СПАДАР будуе Ерузалім, выгнаньнікаў Ізраеля зьбірае.

Ён лечыць скрышаных сэрцам і перавязвае раны іхнія.
 
Ён леча зломленых сэрцам і завязуе раны іхныя;

Ён вызначае лік зоркам, кожную імем яе называе.
 
Прызначае лік гвездаў і завець іх усіх імёнамі.

Вялікі Госпад наш і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае.
 
Вялікі Спадар наш і вялікае сілы, розум Ягоны няшчысьлёны.

ГОСПАД дапамагае ўцісканым, бязбожнікаў да зямлі паніжае.
 
СПАДАР падпірае пакорных, паніжае нягодных аж да зямлі.

Адкажыце ГОСПАДУ падзякай, выслаўляйце Бога нашага на гусьлях.
 
Адказуйце СПАДАРУ з падзякаю, пяіце на гарпе Богу нашаму,

Ён закрывае неба хмарамі, рыхтуе для зямлі дождж, узрошчвае траву на гарах,
 
Каторы пакрывае неба булакамі, Каторы гатуе дождж зямлі, Каторы прычыняе, што на горах трава расьцець,

дае скаціне спажыву яе, і груганятам, што крычаць да Яго.
 
Даець статку корм яго, і ґруґанятам, каторыя крычаць.

Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ногі мужа даспадобы Яму,
 
Ня сілы каня Ён зыча, не ў галёнках людзіны мае прыемнасьць.

але даспадобы ГОСПАДУ тыя, што баяцца Яго, што спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную.
 
СПАДАР прыяе тым, што баяцца Яго, тым, што спадзяюцца на міласэрдзе Ягонае.

Слаў ГОСПАДА, Ерусалім, хвалі Бога твайго, Сыёне!
 
Слаў, Ерузаліме, СПАДАРА; хвалі Бога свайго, Сыёне;

Бо Ён умацаваў завалы брамаў тваіх, дабраславіў сыноў тваіх пасярод цябе.
 
Бо Ён умацніў завалы брамаў тваіх, Ён дабраславіў сыноў тваіх у табе;

Ён дае супакой у межах тваіх, тлустасьцю пшаніцы насычае цябе.
 
Робе граніцы твае мірнымі, тукам пшонкі сыце цябе;

Ён спасылае слова Сваё на зямлю, вельмі хутка бяжыць пастанова Ягоная!
 
Пасылае расказаньне Свае на зямлю; вельмі борзда бяжыць слова Ягонае;

Ён дае сьнег, быццам воўну, сыпле шэрань, як попел.
 
Даець сьнег, як воўну; сыпе шэрась, як попел;

Ён кідае лёд Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто можа ўстаяць?
 
Пушчае лёд свой драбамі; перад сьцюжаю Ягонаю хто вытрывае?

Ён пасылае слова Сваё, і растапляецца [ўсё]; Ён павее ветрам Сваім, і воды цякуць.
 
Пасылае слова Свае й распушчае іх; падзьмець ветрам сваім, і пацякуць воды.

Ён паведаміў слова, слова Сваё Якубу, пастановы Свае і суды Свае — для Ізраіля.
 
Паведамляе словы Свае Якаву, уставы Свае а суды Свае Ізраелю.

Не зрабіў такога ніводнаму народу, і судоў Ягоных не пазналі яны. Альлелюя!
 
Ніякаму народу Ён так ня ўчыніў, і што да судоў, яны ня знаюць іх. Галілуя!