Псалтыр 23 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Псальм Давіда. ГОСПАД ёсьць Пастыр мой, ні ў чым ня буду мець нястачы!
 
Псальма Давідава. СПАДАР — Пастыр мой, я ня буду мець нястачы.

На пашах зялёных Ён пасьвіць мяне, да водаў спакойных накіроўвае мяне.
 
На пасьцьбішчах зялёных пасьвіць мяне, ля водаў супакойных водзе мяне;

Ён аднаўляе душу маю, на сьцежкі праведнасьці вядзе мяне дзеля імя Свайго.
 
Душу маю аднаўляе, вядзець мяне па сьцежках справядлівасьці дзеля імені Свайго.

Нават калі буду ісьці далінаю ценю сьмерці, ня буду баяцца ліха, бо Ты — са мною, кій Твой і падпора Твая, яны пацяшаюць мяне.
 
Хоць пайду даліною сьмяротнага сьценю, не зьлякаюся ліха, бо Ты з імною; дубец Твой а посах Твой цешаць мяне.

Ты накрываеш перад абліччам маім стол насуперак тым, якія ўціскаюць мяне; галаву маю Ты памазаў алеем, і келіх мой да верху наліты.
 
Ты гатуеш перад імною стол насупроці праціўнікаў маіх; намасьціў алеям галаву маю, мая чара паўнюсенькая.

Толькі добрасьць і міласэрнасьць Твая будуць ісьці са мною ўсе дні жыцьця майго; і ў Доме ГОСПАДА буду жыць доўгія дні.
 
Адно дабрыня а міласэрдзе будуць гнацца за імною ўсі дні жыцьця майго, і я буду жыць у доме СПАДАРОВЫМ даўгія дні.