Псалтыр 34 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

[Псальм] Давіда, калі ён перад Абімэлехам удаваў вар’ята і быў выгнаны ім, і пайшоў сабе.
 
Давідава, як ён адмяніў свой паступак перед Авімелехам, і гэты выгнаў яго, і ён пашоў.

Буду дабраслаўляць ГОСПАДА ў-ва ўсякі час; хвала Яго будзе заўсёды на вуснах маіх.
 
Буду дабраславіць СПАДАРА ў кажным часе; штачасна хвала Яго ў вуснах маіх.

У ГОСПАДЗЕ будзе хваліцца душа мая; пачуюць [пра гэта] ўцісканыя і ўзрадуюцца.
 
СПАДАРОМ хваліцца душа мая; хай чуюць лагодныя й вяселяцца.

Узьвялічвайце ГОСПАДА са мною, і разам будзем вывышаць імя Ягонае!
 
Узьвялічайце СПАДАРА з імною, узвышайма імя Ягонае разам.

Я шукаў ГОСПАДА, і Ён адказаў мне, і ад усяго, чаго я баяўся, выратаваў мяне.
 
Я шукаў СПАДАРА, і Ён адказаў імне, і ад усіх страхаў маіх выбавіў мяне.

Глядзіце на Яго і зыходзьцеся [да Яго], і абліччы вашыя ня будуць у ганьбе.
 
Углядаліся ў Яго й сьвятлелі, віды іхныя не засароміліся.

Убогі клікаў, і ГОСПАД пачуў [яго], і збавіў яго ад усіх трывогаў ягоных.
 
Гэты ўбогі пагукаў, і СПАДАР пачуў, і выбавіў яго ад усіх немарасьцяў ягоных.

Анёл ГОСПАДА ставіць табар вакол тых, якія баяцца Яго, і ратуе іх.
 
Як на вайне, кладзецца Ангіл СПАДАРОЎ навокал тых, што баяцца Яго, і выбаўляе іх.

Паспытайце і ўбачце, які добры ГОСПАД! Шчасьлівы той чалавек, які ў Ім мае надзею.
 
Спрабуйце а абачча, што добры СПАДАР! Шчасьлівая людзіна, што спадзяецца на Яго.

Бойцеся ГОСПАДА, вы, сьвятыя Ягоныя! Бо ня маюць нястачы тыя, якія баяцца Яго.
 
Бойцеся СПАДАРА, сьвятыя Ягоныя, бо няма нястачы тым, што баяцца Яго,

Львяняты бядуюць і галадуюць, але тыя, што шукаюць ГОСПАДА, не адчуюць нястачы ўсякага даброцьця.
 
Левяняты дазнаюць нястачы а голаду, але шукаючым СПАДАРА ня будзе не ставаць ніякага дабра.

Хадзіце сюды, сыны, паслухайце мяне, я навучу вас страху перад ГОСПАДАМ.
 
Пайдзіце, сынове, паслухайце мяне, боязьні СПАДАРА буду ўчыць вас.

Хто ёсьць чалавек, якому даспадобы жыцьцё, які любіць [доўгія] дні, каб убачыць добрае?
 
Каторы муж жадае жыцьця й любе дні, каб бачыць дабро,

Захоўвай язык свой ад ліхога, а вусны свае — ад слова крывадушнага.
 
Узьдзержуй язык свой ад благога і вусны свае ад гуканьня ашукі;

Ухіляйся ад ліхога і рабі добрае; шукай супакою і імкніся да яго.
 
Адхініся ад благога й рабі дабро; шукай супакою й жаніся за ім.

Вочы ГОСПАДА — на праведных, і вушы Ягоныя — на лямант іхні.
 
Вочы СПАДАРОВЫ на справядлівых, і вушы Ягоныя на гуканьне іхнае.

Аблічча ГОСПАДА — супраць тых, якія робяць ліхое, каб вынішчыць з зямлі памяць пра іх.
 
Від СПАДАРОЎ супроці ліхадзеяў, каб выгубіць ізь зямлі памятку іх.

[Праведныя] крычаць, і ГОСПАД чуе іх, і ад усіх бедаў іхніх ратуе іх.
 
Галасілі, і СПАДАР чуў, і ад усіх бедаў іхных вывальніў іх.

ГОСПАД блізкі да тых, у каго сэрца скрышанае, і збаўляе тых, у каго дух разьбіты.
 
СПАДАР блізка да патрышчаных сэрцам і прыбітых духам выбаўляе.

Шмат ліхога [здараецца] ў праведнага, але з усяго гэтага ратуе яго ГОСПАД.
 
Шмат бяды ў справядлівага, але з усіх іх вывальняе яго СПАДАР.

Ён захоўвае ўсе косткі ягоныя, каб ніводную не паламалі.
 
Ён сьцеражэць усі косьці ягоныя, ні водная зь іх ня зломіцца.

Ліхоцьце прывядзе да сьмерці бязбожніка, і будуць абвінавачаныя тыя, якія ненавідзяць Праведнага.
 
Заб’ець нягоднага ліха, і ненавідзячыя справядлівага будуць вінны.

ГОСПАД выбаўляе душы слугаў Сваіх, і ўсе, якія маюць надзею ў Ім, ня будуць абвінавачаныя.
 
Выкупляе СПАДАР душу слугаў Сваіх, і ня будуць вінны ўсі, што спадзяюцца на Яго.