Псалтыр 62 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору: на лад Едутуна. Псальм Давіда.
 
Кіраўніку хору. Подле Ідуфуна. Псальма Давідава.

Толькі ў Богу супакойваецца душа мая, ад Яго збаўленьне маё.
 
Адно ў Богу сьцішаецца душа мая, ад Яго спасеньне мае;

Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык я не пахіснуся.
 
Адно Ён скала мая а спасеньне мае, высокі горад мой: не пахіснуся шмат.

Як доўга будзеце насядаць на чалавека? Вы ўсе [хочаце] забіць [яго], як тая сьцяна, што скранулася, як агароджа, што валіцца.
 
Пакуль вы будзеце нападаць на людзіну і забіваць яе? Усі вы, як сьцяна, што нахінулася, як плот павалены.

Яны толькі і радзяцца, як скінуць [яго] з высачыні; ім даспадобы няпраўда; яны вуснамі дабраслаўляюць, але ў нутры сваім праклінаюць! (Сэлях)
 
Яны зраджаюцца ськінуць яго з вышыні; упадабалі ману; вуснамі дабраславяць, а ў нутру сваім клінуць. Сэля.

Толькі ў Богу супачынеш, душа мая, бо на Яго спадзяваньне маё.
 
Адно ў Богу сьцішайся, душа мая, бо ад Яго надзея мая;

Толькі Ён — скала мая і збаўленьне маё, умацаваны замак мой, дык не пахіснуся.
 
Адно Ён горад мой а спасеньне мае, высокая вежа мая: не пахіснуся.

У Богу збаўленьне маё і слава мая; скала моцы маёй, прыстанішча маё ў Богу.
 
У Богу спасеньне мае а чэсьць мая; моцная скала мая, прытулішча мае ў Богу.

На Яго спадзявайся ў кожны час, народзе! Вылівайце перад абліччам Ягоным сэрцы вашыя, бо Бог — прыстанішча нашае. (Сэлях)
 
Людзе! спадзявайцеся на Яго ў кажным часе; вылівайце перад Ім сэрца свае: Бог уцёк нам. Сэля.

Сыны чалавечыя — толькі марнасьць, сыны людзкія — хлусьня; калі пакладзеш іх на шалі, яны разам лягчэй за марнасьць!
 
Адно дзьмухненьне сынове людзкія, адно брахня сынове мужоў; на вазе, калі палажыць іх, яны разам дзьмухненьне.

Не спадзявайцеся на крыўду, не марнейце ў зрабаваным, калі вам памножыцца багацьце, сэрца свайго да яго не прыкладайце!
 
Не спадзявайцеся на ўсілства, ня майце пустое спадзевы на глабаньне; ях багацьце павялічаецца, не прыкладайце сэрца.

Раз сказаў Бог, а я двойчы пачуў гэта, што сіла — у Бога.
 
Аднойчы Бог казаў, двойчы я чуў гэта, што сіла ў Богу,

І ў Цябе міласэрнасьць, Госпадзе, бо Ты даеш чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.
 
І што ў Цябе, Спадару, міласэрдзе; бо Ты адплачуеш чалавеку подле ўчынку ягонага.