Псалтыр 84 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору: на лад Гітыт. Сыноў Караха. Псальм.
Кіраўніку хору. На Ґіфскай музыцкай снадзі. Сыноў Корыных. Псальма.
Як умілаваныя сялібы Твае, ГОСПАД Магуцьцяў!
Якія любовыя сялібы Твае, СПАДАРУ войскаў!
Прагне і тужыць душа мая па панадворках ГОСПАДА; сэрца маё і цела маё весяляцца ў Богу Жывым.
Стамавалася і нават млее душа мая на панадворках СПАДАРОВЫХ; сэрца мае а цела мае пяюць да Бога жывога.
Нават птушка адшукала дом, ластаўка — гняздо для сябе, дзе птушанятак сваіх укладае: каля ахвярнікаў Тваіх, ГОСПАД Магуцьцяў, Валадар мой і Бог мой!
Гэта ж птушка знаходзе дом, і ластаўка гняздо сабе, у каторым выводзе птушаняты свае, нават у ваброчніках Тваіх, СПАДАРУ войскаў, Каролю мой а Божа мой!
Шчасьлівыя тыя, што жывуць у Доме Тваім, заўсёды яны [ўзносяць] хвалу Табе. (Сэлях)
Шчасьлівыя жывучыя ў доме Тваім: яны яшчэ будуць выхваляць Цябе. Сэля.
Шчасьлівы чалавек, сіла якога ў Табе, і ў сэрцы якога дарога [да Цябе]!
Шчасьлівы чалавек, каторага сіла ў Табе, і сьцежкі Твае ў сэрцу іхным.
Праходзячы далінаю дрэваў бальзамовых, яны адкрываюць крыніцы, і дождж раньні пакрывае яе дабраслаўленьнем.
Праходзячыя даліною плачу абарачаюць яе ў жарало; таксама дабраславенствамі яна пакрыта, як раньнім дажджом;
Ідуць яны ад сілы да сілы, і прыходзяць да Бога на Сыён.
Ходзяць ад сілы да сілы, кажны паказуецца перад Богам на Сыёне.
ГОСПАДЗЕ, Божа Магуцьцяў, пачуй малітву маю! Прыхілі вуха, Божа Якуба! (Сэлях)
СПАДАРУ, Божа войскаў! пачуй малітву маю, нахіні вуха, Божа Якаваў. Сэля.
Божа, шчыце наш! Зірні і паглядзі на аблічча памазанца Твайго!
Шчыце наш, глянь, Божа, а прыгледзься да віду памазанца Свайго;
Бо [адзін] дзень на панадворку Тваім лепшы за тысячу [іншых]; я выбіраю стаяць каля парога ў Доме Божым, чым жыць у намётах беззаконьня.
Бо лепш дзень у панадворках Тваіх, як тысяча ў іншых. Валей буду сядзець у парозе дому Бога Свайго, чымся жыць у буданох нягоднасьці.
Бо ГОСПАД Бог ёсьць сонца і шчыт; ГОСПАД дае ласку і славу, і не адмовіць дабра аніякага тым, якія ў беззаганнасьці ходзяць.
Бо сонца а шчыт СПАДАР Бог, СПАДАР даець ласку а чэсьць, не адмаўляе дабра тым, што ходзяць пасьціва.
ГОСПАД Магуцьцяў! Шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца!
СПАДАРУ войскаў! дабраславёны чалавек, што спадзяецца на Цябе.