Псалтыр 68 псалом

Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору. Псальм Давіда. Сьпеў.
 
Кіраўніку хору. Псальма Давідава.

Няхай паўстане Бог, і будуць расьцярушаныя ворагі Ягоныя, і ўцякуць перад абліччам Ягоным тыя, хто ненавідзіць Яго.
 
Устане Бог, рассыпяцца варагі Ягоныя, і ўцякуць ненавідзячыя Яго ад віду Ягонага.

Як разносіцца [ветрам] дым, так Ты разьвееш іх; як топіцца воск перад абліччам агню, так бязбожнікі загінуць перад абліччам Божым.
 
Як разьвяваецца дым, так разьвей іх; як топіцца воск ад цяпла, так хай нягодныя загінуць ад прытомнасьці Божае.

А праведнікі ўзрадуюцца, будуць весяліцца перад абліччам Божым і гукаць ад радасьці.
 
Але справядлівыя хай радуюцца, хай вяселяцца перад Богам, няхай захапляюцца ў радасьці!

Сьпявайце Богу, выслаўляйце імя Ягонае! Узьвялічвайце Таго, Які ўзносіцца па-над пустыняй, ГОСПАД — імя Яго, і радуйцеся перад абліччам Ягоным.
 
Пяіце Богу, пяіце імені Ягонаму, раўнуйце дарогу едучаму на булакох; імя Ягонае ЯГ, весяліцеся перад Ім!

Ён — Бацька сіротаў і Заступнік удоваў, Бог у сядзібе сьвятасьці Сваёй,
 
Айцец сіротаў і судзьдзя ўдоваў ё Бог у сьвятой сялібе Сваёй.

Бог, Які пасяляе самотных у дамы, Які выводзіць вязьняў з путаў, але бунтаўнікоў пакідае ў [пустыні] сьпякотнай.
 
Бог адзінотных памяшчае ў доме, выводзе вязьняў да дасьпеху; а бунтаўнікі жывуць на пустыні.

Божа, калі Ты выходзіў перад народам Тваім, калі праходзіў праз пустыню, (Сэлях)
 
Божа! як Ты выходзіў сьпераду люду Свайго, як Ты сігаў пустынёю (Сэля),

зямля дрыжала, і нябёсы тапіліся перад абліччам Бога, і гэты Сыён [дрыжаў] перад абліччам Бога, Бога Ізраіля.
 
Зямля трэслася, нават ізь нябёс капала на прытомнасьць Бога, гэты Сынай дрыжэў — на прытомнасьць Бога, Бога Ізраелявага.

Шчодры дождж Ты выліў, Божа, на спадчыну Тваю, і тое, што зьнемаглося, Ты ўмацаваў.
 
Ласкавым дажджом Ты крапіў, Божа, Ты сіліў спадак Свой, як ён млеў.

Жывыя Твае пасяліліся ў тым, што Ты ў добрасьці Тваёй уладкаваў для ўбогага, Божа.
 
Груд Твой жыў там, у дабру Тваім, Божа, што Ты прыгатаваў убогаму.

Госпад даў вестку, і тых, якія дабравесьцяць яе, — вялікае войска.
 
Спадар даець слова, вялікае войска пашыраючых дабравесьці.

Валадары з войскамі ўцякаюць, уцякаюць, а тая, што даглядае дом, дзеліць здабычу!
 
«Каралі войскаў уцякаюць, уцякаюць! жыхаркі дому дзеляць здабытак».

Хоць вы ляжыце паміж абораў, вы сталіся, быццам галубка, у якой крылы пакрытыя срэбрам, а пер’е — золатам зелянявым.
 
Хоць яны застаюцца меж авечнікаў, крылы галубы пакрытыя срэбрам, канцы крылаў яе жоўтым золатам.

Калі Усемагутны расьцярушыў валадароў у ёй, [яна сталася], як сьнег на Сальмоне.
 
Як Усемагучы рассыпаў каралёў там, сьнег пайшоў на Цалмон.

Гара Божая, гара Башан! Гара шматверхая, гара Башан.
 
Гара Божая — гара Вашанская! гара вярхоў — гара Вашанская!

Чаму глядзіце з зайздрасьцю, горы шматверхія, на гару, на якой Бог пасяліцца пажадаў? І ГОСПАД будзе жыць там заўсёды.
 
Чаму вы касавурыцеся, верхагор’е, на гару, каторую Бог пажадаў на сялібу Сваю? прымеж тога там СПАДАР будзе жыць на векі.

Калясьніцаў Божых дзясяткі тысячаў, тысячы тысячаў; Госпад сярод іх, [як] на Сынаі, у сьвятасьці.
 
Цялежак двойчы дзесяць тысячаў, тысячы тысячаў, Спадар у іх на Сынаю, у сьвятыні.

Ты ўзыйшоў на высачыню, паланіў палон, узяў дары для людзей; і нават бунтаўнікоў, каб жылі пры [Табе], ГОСПАДЗЕ Божа.
 
Ты ўзышоў на вышыню, узяў палон, узяў людзём, каб нават бунтаўнікі жылі ў ЯГ Бога.

Дабраслаўлёны Госпад! З дня на дзень Ён нас абдароўвае, Бог збаўленьня нашага. (Сэлях)
 
Хай дабраславёны будзе Спадар дзень пры дню, Ён носе нас, Бог спасеньне наша. Сэля.

Бог для нас — Бог ратунку, і ГОСПАД — Госпад над крыніцаю сьмерці.
 
Бог наш ё Бог спасеньня, і ў СПАДАРА Спадара выхады што да сьмерці.

Сапраўды, Бог скрышыць галаву ворагаў Сваіх, валасатае цемя тых, што ходзяць у правінах сваіх.
 
Адно Бог ране галаву непрыяцеляў Сваіх, валасатае цемя таго, хто ходзе ў вінах сваіх.

Сказаў Госпад: «З Башану вярну, вярну з глыбіняў марскіх,
 
Сказаў Спадар: «З Вашану Я зьвярну, зьвярну з глыбіняў морскіх,

каб змачыў нагу тваю ў крыві, а сабакі твае — языкі ў крыві ворагаў».
 
Каб ты змачыў ногі свае ў крыві, каб языкі сабак тваіх мелі дзель сваю зь непрыяцеляў».

Бачылі шэсьце Тваё, Божа, шэсьце Бога майго і Валадара майго ў сьвятыні:
 
Бачылі ходні Твае, Божа, ходні Бога майго, Караля майго ў сьвятыні.

сьпевакі наперадзе ішлі, пасьля — музыкі, пасярэдзіне — дзяўчыны з бубнамі.
 
Пяюны пераймаюць, за імі музыкі, памеж іх дзявушчыя бубняць на тамбурыне:

У зграмаджэньні дабраслаўляйце Бога, ГОСПАДА, [вы, што] з крыніцы Ізраіля!
 
«У грамадах дабраслаўце Бога СПАДАРА, вы із жарала Ізраелявага!»

Там Бэн’ямін, наймалодшы, мае ўладу над імі; князі Юды з палкамі сваімі; князі Завулёна, князі Нэфталі.
 
Там Венямін малады ў праводзе, князі Юдзіны а вяткі іхныя, князі Завулонавы, князі Наффалімовы.

Загадаў Бог твой моцы тваёй! Умацуй, Божа, тое, што для нас учыніў!
 
Бог твой расказаў табе сілу. Умацуй, Божа, тое, што Ты зрабіў нам!

Дзеля сьвятыні Тваёй у Ерусаліме валадары будуць прыносіць дары.
 
Ізь сьвятыні Твае ў Ерузаліме прынясуць Табе каралі дар.

Утаймуй зьвера ў чароце, статак быкоў сярод цялятаў народаў, якія падаюць [ніцма перад] кавалкамі срэбра; расьцяруш народы, якія жадаюць вайны!
 
Згань зьвяры, што ў трысьніку, стаду быкоў зь цялятамі людаў; патапчы нагамі тых, што жадаюць срэбра; расьцярушы люды, каторыя жадаюць вайны.

Прыйдуць магнаты з Эгіпту, Куш працягне рукі свае да Бога.
 
Прыйдуць князі зь Ягіпту, Ефіопа выцягне рукі свае да Бога.

Валадарствы зямлі, сьпявайце Богу, выслаўляйце Госпада, (Сэлях)
 
Гаспадарствы зямлі! пяіце Богу, пяіце Спадару (Сэля),

Які сядзіць на нябёсах, нябёсах адвечных. Вось, Ён дае голас Свой, голас моцы Сваёй!
 
Таму, што едзе на нябёсах, на нябёсах старавечных. Глянь, Ён выдаець голас Свой, голас моцны.

Прызнайце моц Божую! Над Ізраілем слава Ягоная, і моц Ягоная — у аблоках.
 
Дайце чэсьць сілы Богу, над Ізраелям майстат Ягоны, і сіла Ягоная на нябёсах.

Страшны Ты, Божа, у сьвятыні Тваёй, Бог Ізраіля. Ён дае сілу і магутнасьць народу [Свайму]. Дабраслаўлёны Бог!
 
Страшны Бог у сьвятыні Сваёй, Бог Ізраеля, Ён даець моц а сілу люду свайму. Дабраславёны Бог.