Псалтыр 96 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Сьпявайце ГОСПАДУ новы сьпеў, сьпявайце ГОСПАДУ, уся зямля!
Пейце СПАДАРУ новую песьню; пей СПАДАРУ, уся зямля.
Сьпявайце ГОСПАДУ, дабраслаўляйце імя Ягонае! З дня на дзень дабравесьціце пра збаўленьне Ягонае!
Пейце СПАДАРУ, дабраслаўце імя Ягонае, агалашайце дзень пры дню спасеньне Ягонае,
Абвяшчайце між народамі славу Ягоную, між усімі людзьмі — цуды Ягоныя.
Павядайце меж паган чэсьць Ягоную меж усіх людаў чудосы Ягоныя;
Бо вялікі ГОСПАД і годны [ўсялякай] хвалы, годны страху больш за ўсіх багоў!
Бо вялікі СПАДАР і вельма славуты, страшны Ён над усімі багамі.
Бо ўсе богі народаў — ідалы, а ГОСПАД нябёсы стварыў.
Бо ўсі багі людаў — балваны, але СПАДАР нябёсы ўчыніў.
Годнасьць і велічнасьць перад абліччам Ягоным, моц і краса — у сьвятыні Ягонай.
Слава а вялічча перад відам Ягоным, сіла а харашыня ў сьвятыні Ягонай.
Аддайце ГОСПАДУ, плямёны народаў, аддайце ГОСПАДУ славу і моц!
Прызнайце СПАДАРУ, радзімы людаў, прызнайце СПАДАРУ чэсьць а моц!
Аддайце ГОСПАДУ славу імя Ягонага, нясіце дары і ідзіце ў панадворкі Ягоныя.
Прызнайце СПАДАРУ чэсьць імені Ягонага; прынясіце дар ды йдзіце да панадворкаў Ягоных;
Пакланіцеся ГОСПАДУ ў велічы сьвятыні; дрыжыце перад абліччам Яго, усе землі!
Сьціце СПАДАРА ў харашыні сьвятасьці, дрыжы перад Ім, уся зямля!
Скажыце народам: «ГОСПАД валадарыць! Ён сусьвет умацаваў, каб не пахіснуўся. І Ён будзе судзіць народы паводле справядлівасьці».
Кажыце меж паганаў: «СПАДАР гаспадарствуе; нават сьвет Ён умацаваў, не пахісьнецца. Ён будзе судзіць люды ў справядлівасьці».
Няхай узьвесяляцца нябёсы і ўзрадуецца зямля; няхай мора гудзе, і ўсё, што ў ім.
Цешчася, нябёсы, і весяліся, зямля, раві, мора а паўніня яго.
Няхай усьцешыцца поле і ўсё, што на ім; і будуць усклікаць тады ўсе дрэвы лясныя
Хай цешыцца поле а ўсе, што на ім; тады запяюць усі дзервы лесавыя
перад абліччам ГОСПАДА, бо Ён ідзе, бо Ён ідзе судзіць зямлю. Судзіць Ён будзе сусьвет паводле праведнасьці і народы — паводле вернасьці Сваёй.
Перад СПАДАРОМ, бо Ён прыходзе, бо Ён прыходзе судзіць зямлю. Ён будзе судзіць сьвет справядліва і люды ў вернасьці Сваёй.