Псалтыр 42 псалом
Псалтыр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Навучаньне сыноў Караха.
Кіраўніку хору. Навука сыноў Корыных.
Як лань прагне вады з ручая, так душа мая, Божа, прагне Цябе!
Як лань сьмягне да цякучых цур’ёў, так сьмягне душа мая да Цябе, Божа!
Душа мая прагне Бога, Бога Жывога! Калі ж я прыйду і ўбачу аблічча Бога?
Жадае душа мая да Бога, да Бога жывога: калі прыйду й абачу від Божы?
Сьлёзы мае былі хлебам маім дзень і ноч, калі да мяне гаварылі ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?»
Стала імне сьліза мая хлебам дзень і ноч, як кажуць імне цэлы дзень: «Ідзе Бог твой?»
Успамінаючы гэта, я душу маю выліваю, бо хадзіў я ў грамадзе шматлюднай, вядучы яе ў Дом Божы з голасам радасьці і падзякі мноства сьвяточнага.
Гэта я ўспамінаю, як выліваю душу сваю ў сабе, як я прыходзіў із грудам і вёў іх да дому Божага з голасам пяцьця а падзякі груду сьвяткуючых.
Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго.
Чаму паніжылася, душа мая, і чаму парушаешся ў імне? Спадзева ў Богу, бо я яшчэ буду выхваляць Яго за спасеньне ад відзеньня Ягонага.
Душа сумуе ў-ва мне; дык з зямлі Ярданскай, з гор Гермону, з гары Міцар я пра Цябе ўспамінаю.
Божа мой! душа мая паніжаецца ў імне; затым я ўснамінаю Цябе ізь зямлі Ёрданскае а Гэрмонскае, з гары Міцар.
Бяздоньне гукае бяздоньню пры шуме Тваіх вадаспадаў; усе воды Твае і ўсе хвалі Твае прайшлі праз мяне.
Бяздоньне бяздоньню адгукаецца на шум вадападаў Тваіх; усі валы Твае а хвалі Твае прайшлі над імною.
Удзень ГОСПАД зьявіць міласэрнасьць Сваю, а ўначы сьпеў Ягоны будзе са мною, малітва да Бога жыцьця майго.
Удзень СПАДАР прызначае ласку Сваю, а ночы песьня Ягоная ў імне й малітва да Бога жыцьця майго.
Да Бога кажу я: «Скала мая! Чаму Ты забыўся пра мяне? Чаму я ў суме хаджу ад уціску ворагаў?»
Я скажу Богу, скале сваёй: «Чаму Ты забыўся мяне? чаму я хаджу хмарны з прычыны ўціску непрыяцеля?»
Як рана ў костках маіх, зьневажалі мяне ворагі мае, гаворачы мне ўвесь дзень: «Дзе Бог твой?»
Як сьмяротным вытням у касьцёх маіх, уцісканьнікі мае наругаюцца імне, кажучы імне ўвесь дзень; «Ідзе Бог твой?»
Чаму ты сумуеш, душа мая? Чаму ў-ва мне ты трывожышся? Спадзявайся на Бога, бо яшчэ будзеш славіць Яго, збаўленьне аблічча майго і Бога майго!
Чаму паніжылася, душа мая, і чаму парушаешся ў імне?