Псалтыр 31 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
 
Кіраўніку хору. Псальма Давідава.

У Цябе, Госпадзе, я шукаю падпоры, ня дай мне асароміцца навекі, паводле справядлівасьці Тваёй спасі Ты мяне!
 
На Цябе, СПАДАРУ, спадзяюся, хай не засарамачуся на векі; у справядлівасьці Сваёй выбаў мяне.

Прыхілі да мяне Тваё вуха, пасьпяшыся выбавіць мяне! Будзь мне скалой, замчышчам крэпкім, каб даць мне ўспамогу!
 
Нахіні да мяне вуха Свае, уборзьдзе выбаў мяне! Будзь імне моцнаю скалаю, моцным домам гораду, спасьці мяне!

Бо Ты — скала мая й замчышча маё, і дзеля іменьня Твайго вадзіць мяне будзеш і мной кіраваці.
 
Але, Ты скала мая а горад мой; і дзеля імені Свайго вядзі мяне й кіруй мяне.

Ты мяне выцягнеш з сеці, што ўкрадкам наставілі мне, бо Ты — абарона мая.
 
Вывядзі мяне ізь сеці гэтае, што патай пастанавілі на мяне, бо Ты з моцаю маёю.

У рукі Твае аддаю я дух мой; Ты збавіў мяне, Госпадзе, Божа праўдзівы!
 
У руку Тваю паручаю дух свой; Ты выкупіў мяне, СПАДАРУ, Божа праўды.

Ненавіджу я тых, што чтуць ідалаў марных: я-ж спадзяюся на Госпада!
 
Я ненавіджу тых, што заховуюць пустыя марнасьці, але я спадзяюся на СПАДАРА.

Дай мне радавацца й весяліцца з ласкі Тваёй, што Ты глянуў на муку маю, рупіўся аб патрэбы душы маёй.
 
Буду цешыцца а весяліцца з ласкі Твае, з тога, што Ты бачыў гароту маю, Ты ведаў уціскі душы мае,

Ты ня даў мяне ў рукі ворага, паставіў стопы мае на вольны прастор.
 
І не перадаў мяне ў рукі непрыяцеля, пастанавіў на прасторным месцу ногі мае.

Зьлітуйся нада мною, Госпадзе, бо жах мяне ахапляе. Ад суму высахла вока маё і душа мая і цела маё.
 
Зьмілуйся над імною, СПАДАРУ, бо цесна імне, высахлі зь немарасьці вочы мае, душа мая а жывот мой;

Бо ў жудасьці зыйшло жыцьцё маё і гады мае ў уздыханьні. Зьнямаглася сіла мая ў грахох маіх, і павысахлі косткі мае.
 
Бо высілілася ў смутку жыцьцё мае й гады мае ў стагнаньнях; спатыкнулася ў бяспраўю сіла мая, і косьці мае зьнішчэлі.

Пасьмешышчам стаўся я для перасьледавацеляў маіх ды навет для суседзяў маіх, страхацьцём для знаёмых маіх: хто мяне бачыць на вуліцы, уцякае ад мяне.
 
У вусіх уцісканьнікаў сваіх я стаў ганьбаю, асабліва суседзям сваім, пудзілам знаёмым сваім; бачачыя мяне вонках уцякаюць ад мяне.

Забыты я ў сэрцах, як мёртвы; я падобны да начыньня разьбітага.
 
Я забыты ў сэрцу, як мертвы; я стаўся, як загінулая судзіна.

Чуў я словы нягодныя ад многіх, — жах наўкола! — як змаўляліся між сабою проці мяне, манючыся адняць мне жыцьцё.
 
Але, я чую абмовы ад шмат каго; адусюль жах, як яны зраджаюцца на мяне, узяць душу маю задумляюць.

Ды я на Цябе спадзяюся, Госпадзе! Я кажу: Ты мой Бог!
 
А я на Цябе спадзяюся, СПАДАРУ; я сказаў: «Ты Бог мой».

У Тваіх руках мае дні; вызваль мяне із рук ворагаў маіх і перасьледавацеляў маіх!
 
У руццэ Тваёй часы мае; выбаві мяне ад рукі злосьнікаў маіх і ад перасьледаваньнікаў маіх.

Няхай над рабом Тваім сьвеціць аблічча Тваё: памажы мне праз ласкавасьць Тваю!
 
Зазьзяй відам Сваім над слугою Сваім; спасі мяне ласкаю Сваёю!

Госпадзе, ня дай Ты мне асароміцца, бо да Цябе я гукаю! Няхай бязбожнікі асаромяцца, няхай счэзнуць у пекле,
 
СПАДАРУ, няхай ня буду засаромлены, бо я гукаю Цябе; няхай нягодныя будуць засаромлены, няхай змоўкнуць у шэолю.

няхай занямеюць вусны ілжывыя, што ў пысе й з пагардай дзёрзка проці пабожных гавораць!
 
Няхай замлеюць вусны манлівых, што начэпна гукаюць на справядлівага, у гордасьці а ў лягцыменьню.

Як вяліка дабрата Твая, шго хаваеш Ты для тых, хто баіцца Цябе, і паказуеш тым, хто ратунку шукае ў Цябе, перад абліччам людзей!
 
Якая множасьць дабрыні Твае, каторую Ты захаваў тым, што баяцца Цябе, і рабіў тым, што спадзяюцца на Цябе перад сынамі людзкімі!

Пад заслонай аблічча Твайго Ты бароніш іх ад бунтаў людзкіх, хаваеш іх, як у палатцы, ад языкоў сварлівых.
 
Ты тоіш іх у тайне віду Свайго ад змоваў людзкіх; Ты хаваеш іх у будане ад звадлівых языкоў.

Багаслаўлены Госпад, што мне дзіўную ласку зьявіў у ўмацованым месцы!
 
Дабраславёны СПАДАР, бо Ён чудосна паказаў імне ласку Сваю ў вабложаным месьце.

А я-ж думаў у страху маім: я адкінены ад вачэй Тваіх! Але Ты пачуў галоснае маленьне маё, калі я крычаў да Цябе!
 
Я казаў у пасьпеху сваім: «Я адцяты ад аччу Тваіх», Ты адылі, пачуў голас маленьняў маіх, як я пагукаў да Цябе.

Любеце Госпада, усе сьвятыя Яго! Верных бароне Госпад, але тым, што ў гордасьці жывуць, адплачвае Ён з наддаткам.
 
Любіце СПАДАРА ўсі дабрачэсьлівыя Ягоныя! верных СПАДАР заховуе, але адплачуе зь лішніцаю дзеючаму пыхата.

Будзьце мужны і крэпкія духам — усе, што чакаеце на Госпада!
 
Будзьце дужыя й мацуйце сэрцы вашыя, усі, што спадзяіцеся на СПАДАРА!