Псалтыр 2 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Чаму народы бунтуюцца, і людзі дарэмнае задумляюць?
 
Нашто бунтуюцца народы, і люды задумляюць пустое?

Узьнімаюцца цары зямныя, і князі радзяцца адзін з адным супраць Госпада й Памазанца Ягонага:
 
Паўстаюць каралі земныя, і начэльнікі радзяцца разам супроці СПАДАРА а супроці памазанца Ягонага:

Парвема кайданы іх і путы іхнія скіньма з сябе!
 
«Разарвем зялезьзі іхныя і ськінем ізь сябе путы іхныя».

Той, што жыве ў небе, сьмяецца: Госпад зьдзекуецца над імі.
 
Сядзячы на нябёсах усьміхаецца, Спадар насьміхаецца зь іх.

І кажа да іх у гневе Сваім і ярасьцяй Сваею пужае іх:
 
Тады кажа Ён ім у гневе Сваім і шпарчынёю Сваёю палохае іх:

Гэта Я паставіў Цара Майго на Сыоне, гарэ Маёй сьвятой!
 
«Гэта ж Я памазаў Караля Свайго на Сыёне — гары сьвятой Сваёй».

Дайце мне абвясьціць, што Госпад сказаў да мяне: Ты-ж Сын Мой, сягоньня спарадзіў Я Цябе!
 
Я азнаймлю праз уставу: СПАДАР сказаў Імне: «Сын мой Ты, Я сядні нарадзіў Цябе.

Зажадай ад Мяне, і дам Табе народы зямлі ў спадчыну і межы зямныя ў валаданьне Табе.
 
Прасі ў Мяне, Я дам народы на спадак Табе і за дзяржаву Тваю — канцы зямлі.

Паліцай зялезнай паб’еш іх, быццам начыньне глінянае скрышыш.
 
Ты разаб’еш іх зялезным кіям і, як судзьдзё ганчарова, растаўчэш іх».

Дык апамятайцеся, цары, зразумейце перасьцярогу, судзьдзі зямныя!
 
Дык цяперака, каралі, будзьце кемныя; вучыцеся, судзьдзі зямлі!

Служыце Госпаду са страхам і радуйцеся з дрыжаньнем.
 
Служыце СПАДАРУ з боязьняю і цешчася з дрыжэньням.

Слаўце Сына, каб не разгневаўся, ды каб вы ня згінулі на дарозе сваей, бо неўзабаве ўзгарыцца гнеў Яго! Шчасьлівыя ўсе, што ў Ім прыпынку шукаюць.
 
Цалуйце Сына, каб Ён не загневаўся, і вы ня згубілі дарогі; бо ўзгарыцца неўзабаве гнеў Ягоны. Шчасьлівыя ўсі, што ўцякаюць да Яго.