Да Філімона 1 разьдзел
Пасланьне да Філімона
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Язэпа Германовіча
Паўла, вязень Ісуса Хрыста, і Цімахве́й, брат, — Філімону, нашаму ўмілаванаму і супрацоўніку,
і Анфіі, умілаванай, і Архіпу, таварышу нашаму ў барацьбе́, і дамовай царкве́ твае́й:
Ласка вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста.
Дзякую Богу майму, заўсёды ўспамінаючы аб табе́ ў малітвах маіх,
чуючы аб любві твае́й і ве́ры, якую маеш да Госпада Ісуса і да ўсіх сьвятых,
каб супольнасьць ве́ры твае́й аказалася чыннай у пазнаньні ўсякага дабра, якое ў вас у Хрысьце́ Ісусе.
Бо вялікую ма́ем радасьць і паце́ху ў любві твае́й, бо табою, браце, супакоены сэрцы сьвятых.
Дзеля гэтага, маючы вялікую ў Хрысьце адвагу прыказваць табе́, што трэба,
праз любоў ле́пей прашу я, як гэты Паўла стары, цяпе́р-жа вязень Ісуса Хрыста.
Прашу цябе́ за сына майго Анісіма, якога я спарадзіў у путах маіх,
што быў калісь бескарысны для цябе́, а цяпе́р карысны табе́ і мне́, якога я адаслаў,
ты-ж яго, як маё сэрца, прымі.
Хаце́ў я яго пры сабе́ трымаць, каб ён заме́ст цябе́ паслужыў мне́ ў путах за Эвангельле,
але без твае́ згоды нічога не хаце́ў зрабіць, каб дабро твае́ ня з прынукі было, а з добрае волі.
Бо можа ён дзеля таго на час адлучыўся, каб табе́ прыняць яго назаўсёды,
ужо не як слугу, але вышэй за слугу, як брата ўмілаванага, асабліва для мяне́, а тым бале́й для цябе́ — і па це́лу, і ў Госпадзе.
Дык, калі маеш мяне́ за супольніка, прымі яго, як мяне́.
Калі-ж ён чым скрыўдзіў цябе́, або вінен, лічы гэтае на мне́.
Я, Паўла, напісаў мае́ю рукою: я аддам; каб не казаць табе́, што ты і самым сабою мне́ вінны.
Гэтак, браце, дай мне́ скарыстацца ад цябе́ ў Госпадзе; супакой мне́ сэрца ў Госпадзе.
Спадзяючыся на паслухмянасьць тваю, я напісаў да цябе́, ве́даючы, што ты зро́біш і бале́й, чым кажу.
А разам прыгатуй для мяне́ і гаспо́ду; бо спадзяюся, што малітвамі вашымі буду вам падараваны.
Вітае цябе́ Эпафрас, вязень разам са мною дзеля Хрыста Ісуса,
Марка, Арыстарх, Дымас, Лука, супрацоўнікі маі.
Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста з духам вашым. Амін.