Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Л. Дзекуць-Малея → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Малітва нешчасьлівага, калі ён ные й прад Богам свой сум вылівае.
 
Малітва нешчасьлівага, калі ён тужлівы сваё гора вылівае прад Госпадам.

Госпадзе, пачуй малітву маю, і плач мой дойдзе да Цябе!
 
Госпадзе, выслухай малітву маю, каб мой кліч дайшоў да Цябе!

Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень тугі маёй; прыхіліТваё вуха ка мне, калі клічу; борзда мяне Ты выслухай.
 
Не хавай ад мяне аблічча твайго ў дзень нядолі маей; прыхілі вуха тваё ка мне; у дзень Б, калі я клічу Цябе, борзда выслухай мяне.

Бо зьніклі, як дым, мае дні, і косьці мае як на горне апалены.
 
Бо дні мае нікнуць як дым, а косьці мае палаюць як у ваякі на вугольлях.

Абгарэла ды высахла сэрца маё, як трава, ажно хлеб свой я есьці забываюся.
 
Прыбіты як трава, сэрца маё і забываюся есьці хлеб мой.

Ад галоснага стагнаньня майго косткі мае да цела ліпнуць.
 
Ад вялізнага майго стагнаньня скура мая прыліпла да косьцей маіх.

Я падобны да пэлікана ў пустыні, да савы, што сярод руіны.
 
Я падобны да пэлікана ў пустыні, як той пугоч у руінах.

Сну мне няма, і наракаю, як птушка на страсе адзінокая.
 
У бяссонніцы я ўздыхаю самотны, як птушка на страсе.

Усьцяж зьняважаюць мяне маі ворагі; і тыя, што супраць мяне паўстаюць, праклінаюць мяне.
 
Усьцяж зьневажаюць мяне мае ворагі; тыя, што мяне хвалілі, праклінаюць мяне (маім імянем?)

Ем я попел за хлеб і напой мой з сьлязамі мяшаю
 
Ем я попел за хлеб і піцьце (пітво) маё мяшаю з сьлязамі.

праз гнеў Твой і абурэньне; бо падняў Ты мяне ды вон кінуў.
 
Праз твой гнеў і тваё узбурэньне, бо Ты мяне падняў і пасьля адкінуў.

Маі дні, быццам цені, зьнікаюць, і сохну я, быццам трава.
 
Мае дні, як цень, што занікае і сохну я, як трава.

А Ты, Госпадзе, будзеш навекі, і памяць Твая з роду ў род.
 
Але Ты, Госпадзе, пануеш навекі і памяць аб Табе з роду ў род.

Ты паўстанеш, над Сыонам зьлітуешся, бо пара дараваці яму, бо настаў назначаны час.
 
Ты паўстанеш і зьлітуешся над Сыёнам, бо прыйшла пара дараваці яму, бо прыйшоў час.

Бо рабы Тваі палюбілі й камні ягоныя ды плачуць над руінамі яго.
 
Бо твае слугі палюбілі й каменьні ягоныя дый жалеюць руінаў яго.

І ўбаяцца пагане іменьня Гасподняга, і цары ўсе зямныя — славы Тваёй,
 
А пагане ўбаяцца Імяні Госпада і ўсе цары зямныя — славы тваей,

бо адбудаваў Госпад Сыон і зьявіў Сябе ў славе Сваёй.
 
Калі Госпад адбудуе Сыён і з’явіць Сябе ў славе сваей.

Да малітвы нагога прыхіліўся Ты і маленьнем іх не пагрэбаваў.
 
Ён схіліцца да малітвы нагога і не пагардзіць маленьня ягонага.

Хай запісана гэтае будзе пакаленьнем патомным, і народ, што народзіцца, няхай Госпада хваліць,
 
Гэта будзе запісана для прышлага роду і новы народ будзе хваліць Бога,

бо Ён глянуў з сьвятое Сваёй вышыні, глянуў Госпад з нябёсаў на землю,
 
Бо Госпад схіліўся з вышыні свае сьвятыні, і зь нябёс глянуў на зямлю,

каб пачуць стагнаньне вязьня, каб на сьмерць празначаных вызваліць,
 
Каб пачуць стагнаньне вязьня, каб взваліць прызначаных на сьмерць,

каб імя Госпада на Сыоне абвяшчалі, а славу Яго — ў Ерузаліме,
 
Каб абвяшчалі Імя Госпада на Сыёне, а славу Яго у Ерузаліме,

калі разам зьбяруцца народы і царствы, каб Госпаду паслужыці.
 
Калі злучацца народы і царствы, каб аддаць чэсьць Госпаду.

Змардаваў у дарозе Ён сілу маю, скараціў дні жыцьця майго.
 
Ён вычарпаў у дарозе сілу маю, скараціў дні мае.

Кажу я: Мой Божа, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты Твае з роду ў род!
 
Я кажу: “Божа мой, не забірай мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты твае з роду у род.

Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба ёсьць твор Тваіх рук.
 
Спрадвеку Ты заснаваў зямлю і нябёсы ёсьць дзелам рук тваіх.

Яны згінуць, Ты-ж астанешся; як шаты, струхлеюць яны, як вопратку іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца;
 
Яны згінуць, Ты-ж астанешся: усе струхлее як адзежа. Як зьмяняюць вопратку, ты іх пераменіш.

але Ты — ўсё Той самы, летам Тваім нет канца!
 
Але Ты — ўсе той самы і гады твае не маюць канца!

Сыны рабоў Тваіх будуць жыці, і насеньне іх будзе ўсьцяж прад Табою.
 
Сыны слуг тваіх будуць жыці і патомства іх будзе трываць перад Табою.