Псалтыр 137 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Над рэкамі Бабілона, там сядзелі мы і плакалі, калі ўспаміналі Сіён.
 
На берагу рэк бабілёнскіх мы сядзелі і плакалі, успамінаючы Сыён.

На вербах пасярод яго павесілі мы свае цытры.
 
На вербах навакола мы павесілі нашыя гусьлі;

Бо там тыя, што завялі нас у палон, прасілі песень у нас і тыя, што крыўдзілі нас, — радасці: «Паспявайце нам якую песню Сіёнскую!»
 
Вось тыя там, нашыя наглядчыкі, дамагаліся ад нас песьняў, а нашыя захопнікі — вясёласьці: “Засьпявайце нам — казалі яны — з адну песьню Сыёнскую!”

Як жа мы будзем спяваць песню Госпадаву ў чужой зямлі?
 
Як-жа сьпяваці штось з песьняў Гасподніх у зямлі чужацкай?

Калі б забыўся я пра цябе, Ерузалім, хай забудуся пра правіцу маю.
 
Калі я цябе забуду, Ерузаліме, няхай адсохне правіца мая!

Хай прысохне язык мой да глоткі маёй, калі я не ўспомню пра цябе, калі я не пастаўлю Ерузалім на чале весялосці маёй.
 
Няхай язык мой прыліпне да паднябеньня майго, калі ня буду помніць цябе, калі не пастаўлю Ерузаліму за найвышэйшую радасьць маю!

Нагадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дні Ерузаліма; яны гаварылі: «Спусташыце, спусташыце яго аж да падмурка».
 
Прыпомні, Госпадзе, супраць сыноў Эдомскіх Дзень Ерузаліму, якія гаварылі: “Далоў яго! Разбурайце — аж да падвалінаў!”

Дачка Бабілона — спусташальніца, шчасны той, хто аддасць табе адплату тваю, якую ты нам заплаціла;
 
Дочка бабілёнская, ты спусташэльніца! Шчасьлівы той, хто табе адплаціць, што нас зрабіла!

шчасны, хто схопіць і паб’е дзяцей тваіх аб камень.
 
Шчасьлівы, хто схопіць і разаб’е тваіх таленькіх аб камень!