Псалтыр 36 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Кіраўніку хору. Давіда, слугі Госпада.
Кіраўніку хору: Слугі Гасподняга Давіда (псальм).
Нашэптвае несправядлівасць бязбожніку ў самым сэрцы яго; няма страху Божага перад вачамі яго.
Да бязбожніка прамаўляе да глыбіні ягонага сэрца грэх: няма баязьні Божае ў ягоных вачах.
Бо ён патурае сам сабе перад сабою, каб не шукаць несправядлівасці сваёй і каб не ненавідзець.
Бо ён сабе патурае ў сваіх вачах: нібыта шукае сваей віны, каб абрыдзіць яе.
Словы вуснаў яго — несправядлівасць і хітрасць, перастаў ён разумець, як чыніць дабро.
Словы вуснаў ягоных — фальш і подступ: Ён ня хоча разумець і тварыць дабро.
Задумаў ён несправядлівасць у пасцелі сваёй, узыходзіць на любую благую дарогу, да ліхога не адчувае нянавісці.
На ложы сваім ён плянуе неправасць: трымаецца дарогі нядобрае і ня брыдзіцца злом.
Госпадзе, да неба міласэрнасць Твая і праўда Твая — да аблокаў;
Госпадзе! Міласьць твая — да нябёсаў, а праўда да хмараў даходзіць.
Справядлівасць Твая, быццам горы Божыя, суды Твае — вялізная бездань: людзей і жывёл Ты збавіш, Госпадзе.
Твая справядлівасьць як Божыя горы, суды твае як бездань вялікая: чалавека і зьвяра Ты хаваеш, Госпадзе.
Як жа незлічона міласэрнасць Твая, Божа! Сыны ж чалавечыя будуць мець надзею пад покрывам крылаў Тваіх;
Як каштоўна, о Божа, міласьць твая! Сыны чалавечыя супачываюць у ценю крыльляў тваіх.
нап’юцца яны дастаткам дому Твайго і поіш Ты іх струменем асалоды Тваёй.
Насычаюцца тлустасьцяй дому твайго, з крыніцы тваей роскашы Ты поіш іх.
Бо ў Цябе крыніца жыцця, ды ў Тваім святле ўбачым мы святло.
Бо ў Табе ёсьць крыніца шчасьця: праз тваю сьветласьць мы бачым сьвятло.
Пашыр міласэрнасць Тваю на тых, што ведаюць Цябе, і справядлівасць Тваю — на тых, што простыя сэрцам.
Захавай ласкавасьць тваю тым, што знаюць Цябе і справядлівасьць тваю — людзям правага сэрца.
Хай не топча мяне нага пыхлівага і рука грэшніка хай не дакранаецца мяне.
Каб нага гордага мяне не стаптала і рука бязбожніка мяне не парушыла!
Вось жа паваліліся тыя, што чыняць несправядлівасць, — выгналі іх, і не змогуць яны падняцца.
Так упалі злачынцы: скіненыя яны не маглі падняцца.