Псалтыр 32 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Язэпа Германовіча
Давідаў. Маскіль. Шчасны той, каму адпушчана беззаконне і чые грахі прыкрытыя.
Псальм Давідавы. Паэма-навука.(а) Шчасьлівы, каму даравана ягонае злачынства, каму адпушчаны грахі.
Шчасны чалавек, якому Госпад не залічыў граху і ў душы якога няма крывадушша.
Шчасьлівы чалавек, каму Госпад не палічыць віны яго і ў каго ў душы няма фальшу.
Калі я маўчаў, састарэлі косці мае ад стагнання майго цэлы дзень.
Я маўчаў, змарнелі косьці мае ад бязупыннага стагнаньня майго.
Калі днём і ноччу цяжыла нада мною рука Твая, змянілася жыццёвая сіла мая ў летнюю суш.
Бо дзень і ноч абцяжвала мяне рука твая: сэрца маё высахла, як трава ў летнюю сушу.
Дык выявіў я Табе правіну маю і не затаіў несправядлівасці сваёй. Я сказаў: «Вызнаю супраць сябе вінаватасць маю перад Госпадам». І Ты адпусціў бязбожнасць граху майго.
Грэх мой я выявіў Табе і віны маей я не таіў. Я сказаў: “Пайду вызнаваць Госпаду мой грэх!”. А Ты разграшыў — дараваў мне віну граху майго.
Дзеля таго стане кожны святы маліцца Табе ў час адпаведны. Калі нават узнімуцца велічэзныя воды, да яго не наблізяцца яны.
Дык кожны няхай моліцца да Цябе ў часе труднасьці: хаця бы і вялікія воды разьліліся, яго ня змогуць дасягнуць.
Ты мой прытулак, Ты мяне ад бяды захаваеш, радасцю збаўлення будзеш атачаць мяне.
Ты ёсьць мая ўцечка! У бядзе мяне захаваеш: радасьцяй збаўленьня акружыш мяне.
Дам разуменне табе і накірую цябе на шлях, па якім ты павінен ісці; умацую вочы Мае над табою.
Я цябе навучу і пакажу дарогу, якой пойдзеш: мае вочы над табою — Я буду радай тваею.
Не будзьце, як конь або мул, якія разумення не маюць; якім сківіцы трэба акілзаць аброццю і цуглямі, каб яны падышлі да цябе.
Ня будзь ты як конь або мул, што розуму ня маюць, якіх трэба зануздаць вуздой і цуглямі, каб стрымаць іхняе шаленства, (інакш яны ня прыйдуць к табе).
Пакуты бязбожніка шматлікія, а таго, хто на Госпада спадзяецца, Ён атачае міласэрнасцю.
Бязбожнік шмат мае бедаў, а хто спадзяецца на Госпада, таго Ён ласкай агартае.
Цешцеся ў Госпадзе і весяліцеся, справядлівыя, хвалу спявайце, усе чыстыя сэрцам.
Радуйцеся і весяліцеся ў Госпадзе, справядлівыя! трыўмфуйце ўсе чыстыя сэрцам.(б)