Псалтыр 7 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Язэпа Германовіча

 
 

Песьня-плач, якую Давід сьпяваў Госпаду ў справе Хуса, з племя Веньямінавага.
 
Лямант Давіда, які ён выспяваў з прычыны Кушы, з пакаленьня Бэньяміна.

Госпадзе Божа мой! на Цябе спадзяваньне маё; уратуй мяне ад усіх маіх ганіцеляў, і вызвалі мяне;
 
Госпадзі Божа мой! У Цябе мой прыпынак: выбаві мяне ад усіх, што прасьледуюць мяне і вызваль мяне!

хай ня вырве ён душы маёй, быццам леў, які турзае, калі збаўцы няма.
 
Каб не схапіў душы маей, як леў, і не разарваў, калі няма каму ратаваці.

Госпадзе Божа мой! калі што я зрабіў, калі ёсьць няпраўда ў руках маіх,
 
Госпадзі Божа мой! Ці ж я ўчыніў гэткае, ці ж прыляпілася злачынства да рук маіх?

калі я ліхам плаціў таму, хто быў у згодзе са мною, — а я ж ратаваў і таго, хто бяз прычыны стаўся маім ворагам,
 
Ці я зрабіў зло майму дабрадзею — я, што ратаваў і таго, які мне шкодзіў без прычыны?

дык няхай вораг перасьледуе душу маю і дагоніць, і жыцьцё маё хай удратуе ў зямлю, і славу маю хай аберне ў нішто.
 
Тады няхай мяне гоніць вораг і схопіць, няхай прытопча маё жыцьцё, а чэсьць маю хай у пыл выкіне!

Устань, Госпадзе, у гневе Тваім; паўстань супраць шаленства маіх ворагаў, прачніся дзеля мяне на суд, які Ты прызначыў,
 
Паўстань, Госпадзе, у тваім гневе! Узьніміся супраць лютасці ўціскаючых мяне: стань за мяне на суд, які Ты запаведаў.

сьціжма людзей стане навокал Цябе; над ёй падыміся ў вышыні.
 
Няхай абкружаць цябе народы, а Ты засядзь над імі высока!

Гасподзь судзіць народы. Судзі мяне, Госпадзе, паводле праўды маёй, паводле беспахібнасьці маёй.
 
Госпад судзіць народы. Асудзі мяне, Госпадзе, паводле маей справядлівасьці і паводле маей нявіннасьці, якая ёсць ува мне.

Хай суймецца злосьць бязбожных, а справядлівага ўмацуй, бо Ты выпрабоўваеш сэрца й нутрыну, праведны Божа!
 
Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожнага, Ты, што пранікаеш сэрца і нутро, Божа справядлівы!

Шчыт мой у Богу, Які шчырых сэрцам ратуе.
 
Бог ёсьць шчыт мой, Ён збаўляе простых сэрцам.

Бог — судзьдзя справядлівы і Бог — кожны дзень спаганяе сурова,
 
Бог — Судзьдзя справядлівы, (моцны і доўгацярплівы), Ён штодня — грозны.

калі хто не навяртаецца, Ён вострыць Свой меч, напінае Свой лук і цаляе зь яго;
 
Калі не навернуцца, меч свой навострыць, лук нацягне і зь яго намерыцца.

рыхтуе яму прылады сьмерці, і вагністымі робіць стрэлы Свае.
 
Прыгатуе броню смерці: стрэлы свае робіць палючымі.

Вось няпраўду зачаў бязбожны, зацяжарыў крыўдаю і ману сабе спарадзіў,
 
А (вораг) пачаў ліхое: цяжарны ён злосьцяй і народзіць няпраўду.

капаў дол і выкапаў яго, і ўпаў у яму, якую выкапаў:
 
Капаў яму і паглыбляе, але сам упадзе ў дол прыгатаваны.

абернецца злосьць ягоная на ягоную галаву, і зладзейства ягонае на цела ягонае ападзе.
 
Ліха, што задумаў, спадзе на галаву яму, а на цемя яго зваліцца злачынства ягона.

Слаўлю Госпада па праўдзе Ягонай і сьпяваю імю Госпада Ўсявышняга.
 
Дзякую Госпаду за яго справядлівасьць і псальм сьпяваю Імяні Госпада Найвышэйшага.