Псалтыр 39 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Кіраўніку хору. Ідытун. Псальм Давідаў.
Кіраўніку хору, Ідуфуну. Псальма Давідава.
Я буду пільнаваць дарогі мае, каб не правініцца языком маім; пастаўлю я ахову вуснам маім, пакуль грэшнік стаіць перада мной.
Я казаў: «Я буду сьцерагчы дарогі свае, каб імне не грашыць языком сваім; я буду дзяржаць у роце сваім закілзы, пакуль бязбожныя супроці мяне».
Я знямеў у маўчанні і не гаварыў нават пра дабро, і пакута мая аднавілася.
Я занямеў, бязмоўны, маўчэў праз дабро, боль мой удражнены.
Разгарэлася ўва мне сэрца маё; і ў роздумах маіх запалаў агонь.
Распалілася сэрца мае ў нутру маім, у думках маіх узгарэлася цяпло; я гукаў языком сваім:
Загаварыў я языком сваім: «О, Госпадзе, дай мне пазнаць канец свой і які лік дзён маіх, каб усвядоміць, наколькі кароткае жыццё маё».
«Азнаймі імне, СПАДАРУ, мера дзён маіх, што за яна, — буду ведаць які мінаючы я!
Вось жа вызначыў Ты дні мае на некалькі корхаў, і прамежак жыцця майго — нішто прад Табою. Бо кожны чалавек — як суцэльная марнасць.
Вось, як пядзі, Ты даў імне дні, і век мой як нішто супроці Цябе. Адна марнасьць кажны чалавек, нават станаўкі. Сэля.
Бо быццам цень праходзіць чалавек. Бо марна мітусіцца ён; збірае скарб і не ведае, хто атрымае яго.
Адно, як сьцень, ходзе чалавек; адно дарма ён трывожыцца, зьбірае і ня ведае, хто пабярэць.
А цяпер чаго я чакаю, Госпадзе? Надзея мая — у Табе.
Дык цяпер, СПАДАРУ, чаго я чакаю? Спадзева мая на Цябе.
Вырві мяне ад усіх правіннасцей маіх, не выстаўляй мяне на пасмешышча неразумнаму.
З усіх выступаў маіх ратуй мяне, грэбаваньням дурнога ня ўчыні мяне.
Анямеў я і не адкрыю вуснаў маіх, бо Ты так учыніў.
Я занямеў, я не адчыняю вуснаў сваіх; бо Ты ўчыніў.
Здымі з мяне пакаранне Тваё, гіну я ад удару рукі Тваёй.
Адвярні ад мяне выцень Свой; ад цяцьця рукі Твае я канаю.
Ушчуваннем за правіннасць пакараў Ты чалавека і ўчыніў так, што змарнелі, быццам ад молі, усе памкненні яго. Бо марнасць — кожны чалавек.
Упікамі за бяспраўе ты зырыш чалавека, — нішчыш, як моль, дарагое яму. Адна марнасьць кажны чалавек. Сэля.
Выслухай маленне маё, Госпадзе, лямантаванне маё ўспрымі вушамі. Не будзь глухім да слёз маіх, бо я — прыхадзень у Цябе, вандроўнік, як усе продкі мае.
Пачуй малітву маю, СПАДАРУ, і на галашэньне мае нахіні вуха; на сьлёзы мае не маўчы; бо я чужаземец, аселы, як усі бацькі мае.
Адступі ад мяне, каб я перадыхнуў перад тым, як адыду і больш мяне не будзе.
Адвярніся ад мяне, і я ажыву ўперад, чымся адыйду, і ня будзе мяне».