Псалтыр 92 псалом

Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Псальм. Песня. На дзень шабату.
 
Псальма. Песьня на дзень сыботні.

Як жа добра вызнаваць Госпада і спяваць псальмы імю Твайму, Найвышэйшы!
 
Добра дзякаваць СПАДАРУ, пяяць хвалы імені Твайму, Навышні,

Раніцай абвяшчаць Тваю міласэрнасць, і праўду Тваю — уначы.
 
Павядаць нараніцы ласку Тваю, а вернасьць Тваю ночы,

На дзесяціструнным, і на гуслях, са спевам пад цытру.
 
На дзесяціструнным а на ліры, на гіґіёне гарпаю;

Бо пацешыў Ты мяне, Госпадзе, Сваім стварэннем, і я буду радавацца справам рук Тваіх.
 
Затым што Ты разьвесяліў мяне, СПАДАРУ, учынкамі Сваімі, праз справы рук Тваіх пяю.

Якія ж велічныя справы Твае, Госпадзе: надзвычай глыбокімі сталіся задумы Твае!
 
Як узьвялічыліся справы Твае, СПАДАРУ! вельма глыбокія думкі Твае!

Неразумны чалавек не спазнае і бязглузды не зразумее гэтага.
 
Недасьціпны ня знае, дурны ня ўцяме гэтага.

Няхай грэшныя разрастуцца, як трава, і будуць квітнець усе тыя, што чыняць несправядлівасць, аднак гэта будзе [ім] на згубу на векі вечныя;
 
Як красуюць нягоднікі, бы трава, і квітуць усі ліхадзеі, каб быць зьнішчанымі на векі.

а Ты, Госпадзе, вечна Найвышэйшы.
 
А Ты, СПАДАРУ, узвышаны на векі!

Бо вось, непрыяцелі Твае, Госпадзе, бо вось, непрыяцелі Твае загінуць і расцярушацца ўсе, што чыняць несправядлівасць.
 
Бо, вось, непрыяцелі Твае, СПАДАРУ, бо, вось, непрыяцелі Твае загінуць, усі ліхадзеі рассыпяцца.

Ты ўзвысіш рог мой, як у адзінарога, атрымаў я багатае намашчэнне алейкам.
 
Ты падыймеш, як адзінарога, рог мой, я быў памазаны сьвежым алеям;

Вока маё з пагардаю глядзела на непрыяцеляў маіх, ды пра загубу ліхотнікаў, што паўстаюць на мяне, пра ліхадзеяў радасна слухала вуха маё.
 
І паглядзіць вока мае на цікуючых на мяне, праз паўстаючых на мяне ліхадзеяў пачуе вуха мае.

Справядлівы будзе квітнець, як пальма; быццам кедр лібанскі, узрасце.
 
Справядлівы, як пальма, квіціць, як кедру на Лібане, яго выжане.

Пасаджаныя ў Госпадавым доме, у дзядзінцы Бога нашага заквітнеюць.
 
Пасаджаныя ў доме СПАДАРОВЫМ, заквітуць на панадворках Бога нашага;

Будуць прыносіць плады ў старасці, сакавітыя будуць і поўныя свежасці,
 
І ў сівізьне радзіць будуць, сакаўныя а зялёныя будуць,

Каб вясціць, што Госпад справядлівы, прыстанішча маё, і няма несправядлівасці ў Ім.
 
Каб абяшчаць, што СПАДАР справядлівы, скала мая і нямаш несправядлівасьці ў Ім.