Псалтыр 28 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Давідаў. Да Цябе, Госпадзе, усклікаю; Божа мой, не будзь бязмоўным перада мною, і я ніколі не буду падобны да тых, што сыходзяць у магілу.
Давідава. Да Цябе, СПАДАРУ, я гукаю: скала мая! ня будзь глухім да мяне; калі Ты будзеш бязмоўны да мяне, я стану падобны да тых, што зыходзяць да магілы.
Выслухай голас малення майго, калі ўсклікаю да Цябе, калі ўздымаю рукі мае да святой святыні Тваёй.
Пачуй голас маленьня майго, як я гукаю да Цябе, як падыймаю рукі свае да сьвятога палацу Твайго.
Не прыцягвай мяне разам з грэшнікамі і з тымі, што чыняць несправядлівасць. Яны размаўляюць мірна з блізкім сваім, але ж ліха ў сэрцы іх.
Не цягні мяне зь нягоднымі, ліхадзеямі, каторыя гукаюць супакойна з прыяцелямі сваімі, прымеж тога крыўда ў сэрцах іхных.
Дай ім паводле спраў іх і паводле нягоднасці вымыслаў іх. Паводле справы рук іх адплаці ім, аддай ім адплату іх.
Аддай ім подле справаў іхных і подле ліхіх учынкаў іхных; подле ўчынку рук іхных дай ім; адплаці ім іхнаю платаю.
Паколькі не разумеюць яны спраў Госпада і справу рук Яго, зруйнуй іх і не аднаўляй.
Затым што яны не ўважалі на ўчынкі СПАДАРОВЫ і на дзеяньні рук Ягоных, Ён разбура іх і не адбудуе іх.
Дабраславёны Госпад, бо выслухаў голас малення майго.
Хай будзе дабраславёны СПАДАР, бо Ён пачуў голас маленьня майго.
Госпад — памочнік мой і абаронца мой, у Ім знайшло надзею сэрца маё, і ў песні маёй адкрыюся Яму.
СПАДАР — сіла мая а шчыт мой; у Ім спадзевы сэрца майго, і Ён памог імне, і сэрца мае ўзьвесялілася, і песьняю сваёю я ўслаўлю Яго.
Госпад — цвярдыня народа Свайго і збавеннае прыбежышча намашчэнца Свайго.
СПАДАР — сіла яму і сіла спасеньняў памазанца Свайго Ён.
Збаў Твой народ і дай дабраславенне нашчадкам Тваім, і пасві іх і ўзвышай іх на векі вечныя.
Спасі люд Свой, і дабраслаў спадак Свой, і пасі іх, і насі іх аж на векі.