Псалтыр 48 псалом
Псалтыр
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Песня. Псальм. Сыноў Корэ.
Песьня. Псальма сыноў Корыных.
Вялікі Госпад і праслаўлены вельмі ў горадзе нашага Бога.
Вялікі СПАДАР і вельма ўслаўлены ў месьце Бога нашага, на сьвятой гары Сваёй.
Святая гара Яго, прыгожы ўзгорак — радасць усёй зямлі. Гара Сіён, скрай поўначы, горад вялікага Валадара.
Харошая на ўзвышшу, радасьць усяе зямлі гара Сыён, на паўночных старанах места вялікага Караля.
Бог у дамах яго вядомы зрабіўся як прыстанішча.
Бог у палацах ягоных, ведамны як горад.
Бо сышліся цары, сабраліся, як адзін.
Бо, гля, каралі зьберліся, яны прайшлі разам.
Калі ж самі ўбачылі, так здзівіліся, што стрывожыліся і ўцяклі.
Як толькі яны абачылі, яны зумеліся, спалохаліся, уцяклі.
Страх напаў там на іх і боль, быццам у парадзіхі.
Дрыгота схапіла іх там, труднасьці, як у парадзіхі.
Ветрам усходнім скрышыў Ты караблі Тарсіскія.
Усходнім ветрам Ты паламіў караблі таршыскія.
Так, як мы спачулі, так і пабачылі ў горадзе Бога Магуццяў, у горадзе нашага Бога, Бог заснаваў яго навек.
Як мы чулі, так Мы абачылі ў месьце СПАДАРА войскаў; у месьце Бога нашага; Бог устанавіў яго на векі. Сэля.
Мы разважаем, Божа, пра Тваю міласэрнасць пасярод святыні Тваёй.
Мы думалі, Божа, праз ласку Тваю сярод сьвятыні Твае.
Як імя Тваё, Божа, так і хвала Твая — да ўскрайкаў зямлі. Правіца Твая поўная справядлівасці.
Як імя Твае, Божа, так хвала Твая да канцоў зямлі; справядлівасьці поўная правіца Твая.
Хай весяліцца гара Сіён, хай радуюцца дочкі Юды з прычыны Тваіх судоў.
Няхай вяселіцца гара Сыён, няхай цешацца дачкі Юдэйскія із судоў Тваіх.
Абыдзіце Сіён наўкола і абдыміце яго, палічыце яго вежы.
Аступіце Сыён, абыйдзіце навокал яго, палічыце вежы яго,
Адчуйце сэрцам вашым магуцце яго і прабяжыцеся ўздоўж дамоў яго, каб расказаць іншаму пакаленню.
Ськіруйце сэрца вашае на валы яго, разглядайце палацы яго, каб пераказаць пакаленьню апошняму;
Бо гэта і ёсць Бог, Бог наш навечна і на векі вечныя; Ён павядзе нас праз вякі.
Бо гэта Бог, Бог наш на векі а векі; Ён будзе весьці аж да сьмерці.